Першай была затрыманая каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова. Гэта адбылося 17 верасня 2020 года, калі дзяўчына вярталася дадому пасля ўручэння прэстыжнай прэміі імя Яна Карскага. З той пары яна знаходзіцца з кратамі, і за гэты час у яе моцна пагоршылася здароўе, памерлі бацька і бабуля, на пахаванне якіх Марфу не адпусцілі. На мінулым тыдні стала вядома, што Марфу абвінавачваюць па 11 артыкулах крымінальнага кодэксу.
Андрэй Чапюк – валанцёр «Вясны» быў затрыманы 2 кастрычніка 2020 года, праходзіць па той жа справе, што і Марфа Рабкова.
18 студзеня па дарозе на офіс быў затрыманы кіраўнік Гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка, а таксама яго памочніца Марыя Тарасенка, якая была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе праз 72 гадзіны. А 21 студзеня ў аэрапорце была затрыманая яшчэ адна памочніца і валанцёрка «Вясны» з Рэчыцы Таццяна Ласіца. Іх абвінавачвалі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). У выніку 3 лістапада Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі, а Таццяну Ласіцу – на два з паловай гады калоніі.
Дзве масіўныя атакі на незалежныя медыі і праваабарончыя арганізацыя былі праведзеныя ўладамі 16 лютага і 14 ліпеня бягучага года. У выніку іх адбылося больш за 50 ператрусаў у сябраў арганізацыі па ўсёй краіне, больш за 20 праваабаронцаў былі затрыманыя на розныя тэрміны для высвятлення абставінаў, а трое да гэтага часу знаходзяцца за кратамі па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў. Гэта старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.
З усіх адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму атрымаць інфармацыю па справе амаль немагчыма. Лісты ад нашых калегаў прыходзяць нерэгулярна, як відавочна і яны не атрымоўваюць усе пасланні з розных куткоў свету.
17 верасня мы запусцілі міжнародную кампанію ў падтрымку зняволеных «вясноўцаў» – #FreeViasna, у межах якой заклікаем далучацца да акцыяў салідарнасці, пісаць лісты падтрымкі зняволеным праваабаронцам. А сёння прапануем падпісаць петыцыю за іх неадкладнае і безумоўнае вызваленне!
Мы разумеем, што зараз ў Беларусі пануе беззаконне, а ўлады паўсюль парушаюць правы чалавека, але мы ўпэўнены, што гэта скончыцца. Колькасць сабраных подпісаў пад петыцыяй адлюструе нашу нязгоду з дзеяннямі рэжыма, згуртаванасць і салідарнасць у барацьбе за справядлівасць.
Вясна прыйдзе!