«Настаў час, калі я, апынуўшыся ў бяспецы, хачу выказаць падзяку ўсім неабыякавым да майго лёсу людзям. Такіх людзей аказалася вельмі шмат. Пералічыць усіх немагчыма. Гэта і людзі якія апекавалі маю сям’ю ў час калі я быў за кратамі, і тыя хто падтрымліваў мяне лістамі, перадачамі і грашыма. Сябры, суседзі, малазнаёмыя і зусім незнаёмыя людзі. Я атрымаў сотні лістоў з цёплымі словамі і малюнкамі, якія застануцца ў маім сэрцы назаўжды», – піша Алег Граблеўскі.
«Вельмі ўдзячны маім паручальнікам, якія з гонарам прайшлі гэтыя выпрабаванні. Увесь час зняволення беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, журналісты, палітыкі, грамадскія актывісты змагаліся за нашае вызваленне. Іх праца не была марнай. З болем і цяжкім сэрцам я вымушаны быў пакінуць Радзіму. Але, дзе б ні жыў, я буду рабіць усё, каб наша краіна стала вольнай. Жыве Беларусь!» – дадаў.
Нагадаем, у лютым 2021 году юрыст Алег Граблеўскі быў арыштаваны разам з кіраўніком арганізацыі Сяргеем Драздоўскім. Раней у дачыненні іх праводзіў праверку Дэпартамент фінансавых расследаванняў камітэту дзяржкантролю Беларусі. Пазней стала вядома, што падчас візіту ў ДФР сілавікі пагражалі ім і прымянялі не дазволеныя законам уздзеянні, якія зневажалі чалавечую годнасць.
Іван Чайка