Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі ў жніўні 2020 года, і масавыя пратэсныя выступленні, якія адбыліся пасля іх, на працяглы тэрмін вызначылі палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Гвалт, рэпрэсіі, знішчэнне грамадзянскай супольнасці, стварэнне атмасферы ўсеагульнага страху сталі інструментамі ўтрымання ўлады замест электаральнай падтрымкі.
Прававая сістэма прадэманстравала сваю няздольнасць абараніць правы чалавека і свабоды, поўную залежнасць ад дзейнай улады і актыўна ўключылася ў ажыццяўленне палітычных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян.
Асноўнымі інструментамі ўтрымання ўлады і рэпрэсій у дачыненні да апанентаў, крытыкаў рэжыму і іншадумцаў сталі крымінальны і адміністрацыйны пераслед, адвольныя арышты, звальненне з працы і выцясненне з краіны.
У Беларусі на 1 студзеня 2022 года налічваецца 969 палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончымі арганізацыямі ў адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”. За год іх колькасць павялічылася на 800 чалавек. Пры гэтым больш за 100 чалавек, прызнаных палітвязнямі ў 2021 годзе, былі вызваленыя.
ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 1 285 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах за 2021 год.
ПЦ «Вясна» вядома аб прынамсі 6 443 затрыманых і не менш чым 3 060 накладзеных адміністрацыйных спагнаннях за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод, з якіх 2 186 – адміністрацыйныя арышты і 836 – адміністрацыйныя штрафы.
За мінулы год уладамі не было праведзена належнага эфектыўнага расследавання гібелі ўдзельнікаў мірных сходаў А. Тарайкоўскага, Г. Шутава і Р. Бандарэнкі, смерці А. Віхора і В. Ашурка.
Таксама ўладамі не праведзена належнага расследавання каля пяці тысяч зваротаў (у тым ліку больш за 100 ад непаўналетніх) аб расследаванні і прыцягненні да адказнасці вінаватых у катаваннях і іншых актах забароненага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і іншых асоб, якія паступілі ў следчыя органы, у тым ліку 680 заяў аб катаваннях у ізалятарах г. Мінска непасрэдна пасля выбараў у жніўні 2020 года, калі тысячы затрыманых удзельнікаў пратэстаў у Мінску і іншых гарадах краіны былі мэтанакіравана падвергнутыя катаванням і іншым відам жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.
На дадзены момант ПЦ «Вясна» задакументавана больш за 1 000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Іх аналіз дазваляе сцвярджаць, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар і з'яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй уладаў па застрашванні беларускага грамадства.
Улады працягваюць актыўна прымяняць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю: паводле звестак БАЖ, 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ на дадзены момант пазбаўленыя волі, 113 журналістаў былі затрыманыя, 29 разоў яны адбывалі адміністрацыйны арышт, за год праведзена 146 ператрусаў.
Практычна ўсе сябры ПЦ «Вясна» на працягу года падвяргаліся рэпрэсіям у розных формах, у тым ліку затрыманням і адміністрацыйным арыштам. У СІЗА па розных надуманых абвінавачваннях утрымліваюцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марыя (Марфа) Рабкова, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, сябра Рады арганізацыі Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч і валанцёр арганізацыі Андрэй Чапюк; кіраўнік гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца асуджаныя адпаведна да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі; у праваабаронцаў праведзена не менш за 86 ператрусаў, яны падвергліся не менш за 146 допытам.
Судовая сістэма ўключылася ў працэс рэпрэсій, ігнаруючы стандарты справядлівага суда; адвакатура страціла рысы незалежнага самакіравальнага інстытута; адвакаты ажыццяўляюць сваю дзейнасць ва ўмовах сталага ціску, пагроз і пераследу.
Рэспубліка Беларусь працягвае прымяняць смяротнае пакаранне. На працягу года быў вынесены смяротны прысуд у дачыненні да аднаго чалавека; у СІЗА ў чаканні выканання смяротных прысудаў утрымліваліся ад трох да пяці чалавек, як мінімум адзін з якіх сёлета, магчыма, быў пакараны, а двое – памілаваны.
Палітычныя рэпрэсіі 2021 г. з’яўляюцца па шэрагу паказчыкаў самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі і сведчаць аб глыбокім крызісе з правамі чалавека ў краіне, які прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі і санкцый з боку краін ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі. Адзіным адказам уладаў на патрабаванні палітычных пераўтварэнняў у краіне з боку большасці беларускага грамадства з'яўляецца ўзмацненне рэпрэсій і імітацыя агульнанацыянальнага дыялогу па г.зв. канстытуцыйнай рэформе. Дадзеная палітыка ўладаў толькі ўзмацняе крызіс і стварае перадумовы для яго далейшага развіцця ў будучыні.