«Загляне сонца і ў наша ваконца!». Свабоду ўсім палітвязням!», – піша мастачка, каментуючы ўласную працу, дзе над турэмнымі мурамі, кратамі і калючым дротам паўстае вясновае хараство.
Вольга Якубоўская нарадзілася ў Расеі, але большую частку жыцця пражыла ў Наваполацку. Там яна распачала серыю карцін, дзе беларусы – коцікі, мілыя і адначасова бясстрашныя і бескампрамісныя. Яны супрацьстаяць ваўкам – бязлітасным, жорсткім, у якіх з ашчэраных пашчаў капае кроў, але коцікі іх не баяцца і робяць сваю справу.
– Я ілюстратар дзіцячых кніжак, і таму заўсёды малявала добрых жывёлаў. Але пасля выбараў у 2020-м годзе, калі на вуліцах збівалі людзей, рваліся светлашумавыя гранаты і гучалі стрэлы, я, як і многія беларусы, атрымала цяжкую псіхалагічную траўму. Практычна не магла маляваць. І пачала ўгаворваць сябе намаляваць хоць нешта, хаця б коціка… Намалявала, і быццам бы стала лягчэй. Тады я зразумела, што мае коцікі могуць дапамагчы ўратаваць душу не толькі мне самой, а яшчэ і іншым… Так пачалася серыя «дарослых» карцін пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, – распавяла мастачка.
Героямі карцін Вольгі Якубоўскай сталі многія вядомыя беларусы – палітзняволеныя, журналісты, музыкі і звычайныя людзі, якія пацярпелі ў выніку рэпрэсій пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. «Коцікі», намаляваныя ў пазнавальных сітуацыях або з пазнавальнымі партрэтнымі рысамі, ужо палюбіліся беларусам, а нядаўна выстава прац Вольгі Якубоўскай з вялікім поспехам прайшла ў Польшчы. Многія свае творы мастачка дарыла героям карцін, калі надаралася такая магчымасць. А некаторыя карціны яшчэ чакаюць гэтага моманту – быць уручанымі людзям, якія зараз знаходзяцца за кратамі, як Алесь Бяляцкі і іншыя палітвязні.
Жанна Жалейка