Чацвер, 05 Студзень 2023

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 5 студзеня, распачынаецца суд "па справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць чатырох праваабаронцаў:  старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Справу прызначаная разглядаць суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, "прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь";
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, "якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў";
  • аплаты працы адвакатаў, "у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь".

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.