Суд кваліфікаваў іх дзеянні як заклікі да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса).
Генадзь Фядыніч (66 гадоў) і Васіль Бераснеў (73 гады) асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вячаслаў Арэшка (68 гадоў) — да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Усе асуджаныя з'яўляюцца пенсіянерамі. Вядома таксама, што ў Васіля Бераснева ў папярэднім зняволенні значна пагоршылася здароўе. Ён пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую выдалілі з прычыны анкалагічнага захворвання.
Нагадваем, 26 снежня Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па крымінальнай справе, распачатай супраць актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) — старшыні прафсаюза Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім, затрыманых 19 красавіка 2022 года. Іх абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), а Аляксандра Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361). Аляксандра Ярашука асудзілі да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргея Антусевіча — да двух гадоў, Ірыну Бут-Гусаім — да паўтара года.
Мы лічым вынесеныя Г. Фядынічу, В. Берасневу і В. Арэшку прысуды з жахлівымі тэрмінамі зняволення палітычнай расправай і помстай за іх мірныя дзеянні па абароне беларускіх працоўных з выкарыстаннем нацыянальных і міжнародных інструментаў, за выказванне сваёй незалежнай пазіцыі наконт парушэнняў правоў працоўных у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Згодна са звесткамі Беларускага незалежнага прафсаюза, на цяперашні момант у беларускіх турмах знаходзяцца амаль чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідараў дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку былы старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага, былы намеснік старшыні РЭП Міхаіл Громаў; былы кіраўнік пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў Віталь Чычмароў; актывіст незалежнага прафсаюза Міраславаў Сабчук; актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў Яніна Малаш; а таксама віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Беларуськалій" Аляксандр Мішук і інш.
Хочам падкрэсліць, што Рэспубліка Беларусь як удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязалася паважаць і забяспечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, што прызнаюцца ў гэтым Пакце, без аніякага адрознення, у тым ліку ў адносінах да расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншай акалічнасці. Дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да сябраў незалежных прафсаюзаў з'яўляюцца парушэннем артыкула 22 Пакта, у прыватнасці, права на свабоду асацыяцый, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўваходзіць у іх дзеля абароны сваіх інтарэсаў.
Больш за тое, такія дзеянні таксама можна кваліфікаваць як парушэнне артыкула 2 Канвенцыі МАП № 87, які прадугледжвае, што працаўнікі маюць права ствараць арганізацыі на свой выбар без папярэдняга дазволу і права ўваходзіць у такія арганізацыі, і артыкула 11, які прадугледжвае, што дзяржава абавязваецца рабіць усе неабходныя і належныя захады, каб гарантаваць працаўнікам і працадаўцам свабоднае ажыццяўленне права на стварэнне прафсаюзаў.
Варта адзначыць, што 8 лістапада 2022 г. Міжнародная арганізацыя працы (МАП) прыняла рашэнне аб прымяненні артыкула 33 Статуту МАП у дачыненні да Беларусі з прычыны сістэматычных парушэнняў у дачыненні да працаўнікоў і прафсаюзаў, і ігнараваннем рэкамендацый МАП на працягу больш за 17 гадоў. Гэта толькі другі выпадак у больш як 100-гадовай гісторыі МАП пасля ўжывання такой крайняй меры да М'янмы ў 2000-м, што лішні раз падкрэслівае надзвычайную сур'ёзнасць парушэнняў правоў прафсаюзаў беларускімі ўладамі.
У сувязі з гэтым мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, патрабуем ад беларускіх уладаў:
- адмяніць прысуды і вызваліць сябраў незалежных прафсаюзаў;
- спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў, аднавіць у зарэгістраваным статусе прымусова ліквідаваныя прафсаюзы;
- спыніць практыку парушэння права на свабоду асацыяцый і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека;
- распачаць канструктыўны дыялог з МАП і адэкватна адрэагаваць на пытанні і рэкамендацыі Камітэта па свабодзе асацыяцый МАП і Камітэта экспертаў па прымяненні стандартаў МАП.
Мы заклікаем міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі, іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць выказваць салідарнасць з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.
Беларускі Хельсінкскі КамітэтПраваабарончая арганізацыя "Lawtrend"Праваабарончы цэнтр "Вясна"Офіс па правах людзей з інваліднасцюБеларуская асацыяцыя журналістаўБеларускі дом правоў чалавека імя Б. ЗвозскаваПрававая ініцыятываHuman ConstantaБеларускі ПЭН