Серада, 29 Красавік 2015

Генэральная пракуратура ня стала рэагаваць на паведамленьне віцебскага праваабаронцы аб зьдзейсьненых парушэньнях закону

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Зварот у Генэральную пракуратуру Валер Місьнікаў падаў пасьля таго, як ня змог дамагчыся праўды на мясцовым узроўню. Раней з аналягічнымі зваротамі, у якіх паведамляў пра парушэньне заканадаўства міліцыянтамі і судзьдзямі, датычнымі да рэпрэсіяў супраць журналістаў – удзельнікаў сумнавядомай фотасэсіі з клеткамі ў птушкамі, праваабаронца зьвяртаўся ў Віцебскую гарадзкую і абласную пракуратуры, але беспасьпяхова.

 

Нагадаем, у лістападзе 2014 году віцебскія журналісты і грамадзкія актывісты далучыліся да сусьветнай акцыі «Станем за журналістыку». Яны зладзілі фотасэсію на фоне графіці з выявай зробленай з газэты птушкі, якая вырываецца з клеткі на волю. Працягваючы тэму аўтара графіці, удзельнікі фотасэсіі трымалі ў руках папяровыя клеткі і птушак-арыгамі. Здымкі былі разьмешчаныя ў інтэрнэце і пасьля сталі падставай для прыцягненьня ўдзельнікаў фотасэсіі да адміністрацыйнай адказнасьці – начальнік аддзелу аховы прафіляктыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску маёр Аляксандар Рыбакоў і судзьдзі палічылі, што фотасэсія зьяўлялася несанкцыянаваным пікетам.

У сваім звароце ў гарадзкую пракуратуру Валер Місьнікаў спрабаваў давесьці яе супрацоўнікам, што маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў і судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў, зьдзяйсьняючы расправу над журналістамі і грамадзкімі актывістамі, парушылі законы краіны і Канстытуцыю. Ён слушна меркаваў, што задача пракуратуры – нагляд за захаваньнем законнасьці, а таму яна мусіць старанна правяраць усе паведамленьні пра супрацьпраўныя дзеяньні. Аднак у гарадзкой пракуратуры ня сталі разьбірацца, ці парушылі службовыя асобы міліцыі і суду закон. Ня сталі ўнікаць у справу і ў абласной пракуратуры, куды Валер Місьнікаў накіраваў скаргу на бязьдзейнасьць пракурора гораду.

Праваабаронца спадзяваўся, што дапаможа ва ўсім разабрацца Менск. Але зварот у генэральную пракуратуру таксама ня даў плёну. Начальніца аддзелу па наглядзе і захаваньні правоў і свабод грамадзян Марына Папова, як раней і пракуроры мясцовага ўзроўню, паведаміла праваабаронцу, што ён, маўляў, ня мае паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці, бо ў яго няма даверанасьці, аформленай належным чынам, прадстаўляць іх інтарэсы.

Валер Місьнікаў дужа зьдзіўлены такім стаўленьнем пракурорскіх работнікаў да яго зваротаў. Ён жа зусім не зьбіраўся дзейнічаць ад імя пакараных журналістаў і актывістаў як іхны прадстаўнік. Яго мэтай была паказаць пракурорам на незаконнасьць дзеяньняў службовых асоб. Кожны грамадзянін, якому стала вядома пра парушэньні закону і Канстытуцыі, мае права паведаміць пра іх у пракуратуру – і абавязак пракуратуры разабрацца, ці сапраўды дратаваньне закону мела месца. Але ў пракуратуры, выходзіць, па-іншаму глядзяць на правы грамадзян і свае абавязкі: грамадзянін ня можа проста так зьвярнуцца ў пракуратуру з паведамленьнем пра правапарушэньне – ён, аказваецца, мусіць мець яшчэ нейкія даверанасьці…

Віцебская вясна