Панядзелак, 20 Красавік 2015

Валер Місьнікаў: Чаму для разгляду паведамленьня пра парушэньне Закону патрэбная даверанасьць?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вось ужо паўгода віцебскі праваабаронца Валер Місьнікаў вядзе цяжбу зь віцебскімі гарадзкой і абласной пракуратурамі на карысьць незалежных журналістаў. І, варта сказаць, пакуль з адмоўным вынікам для абароны правоў і законных інтарэсаў прадстаўнікоў незалежнай прэсы.

 

Ва ўсіх зваротах праваабаронца ставіў перад службовымі асобамі з пракуратур пытаньне наконт законнасьці прыцягненьня журналістаў Алены Сьцяпанавай і Кастуся Мардзьвінцава да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у скандальнай фотасэсіі, якая адбылася ў Віцебску 5 лістапада 2014 году.

Аднак пракуратуры адмовілі Місьнікаву ў абароне Законаў і Канстытуцыі краіны ад парушэньняў адказнымі службовымі асобамі - маёрам міліцыі Аляксандрам Рыбаковым, судзьдзямі Дзянісам Губанавым і Аленай Цыганковай, якія перасьледавалі журналістаў за іх удзел у фотасэсіі.

Так, пракурор Віцебску Юры Раманоўскі адмовіўся разглядаць заяву спадара Місьнікава па сутнасьці з прычыне таго, што ў яго не было пацьверджаньня яго паўнамоцтваў на права зьвяртацца ў пракуратуру ад асобаў, правы якіх, на думку праваабаронцы, былі парушаныя.

Наконт такога адказу Раманоўскага Валер Місьнікаў задаецца рытарычным пытаньнем: ці запатрабаваў бы зь яго пракурор гораду даверанасьць, калі б ён паведаміў пра цяжкае злачынства, учыненае ў дачыненьні да трэцяй асобы?

Віцебскі праваабаронца зьдзіўлены такім фармальным падыходам з боку пракурора гораду. Бо ў гарадзкую пракуратуру паступіла заява пра парушэньне Закону і Канстытуцыі. У такой сытуацыі, перакананы Валер Місьнікаў, пракурор папросту абавязаны адрэагаваць на гэткую заяву і разгледзець яе па сутнасьці.

Скарга на бязьдзейнасьць пракурора гораду ў абласную пракуратуру не дала належнага выніку. Пракурор Віцебскай вобласьці ня ўгледзеў парушэньняў ў адказе гарадзкой пракуратуры, якая знаходзіцца ў яго падпарадкаваньні, і вырашыў, што для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня няма падставаў.

У пасіўнасьці пракуратур Валер Місьнікаў бачыць небясьпечныя наступствы для грамадзкай бясьпекі, бо такая пазыцыя служкаў закону адбівае ў законапаслухмяных грамадзян ахвоту паведамляць у пракуратуры пра парушэньні Закону, што здарыліся, культывуе ў грамадзтве прававы нігілізм і абыякавасьць да фактаў парушэньня службовымі асобамі дзейнага заканадаўства.

Пацярпеўшы няўдачу ў абароне правоў і законных інтарэсаў журналістаў на мясцовым узроўні, праваабаронца рыхтуе скаргу ў Генэральную пракуратуру краіны. Ён спадзяецца, што ў Генэральнай пракуратуры зьвернуць належную ўвагу на яго паведамленьне пра парушэньні работнікамі міліцыі і судзьдзямі Закону і пры гэтым не запатрабуюць даверанасьці на прадстаўленьне інтарэсаў журналістаў у гэтым дзяржаўным органе.

Віцебская вясна