Віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў атрымаў са Сьледчага камітэту чарговае паведамленьне пра адмову ва ўзбуджэньні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы. Раней сьледчыя органы ўжо двойчы выносілі пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць яго, але потым тыя пастановы былі адмененыя. Ня выключана, што і чарговая пастанова будзе адмененая, і справа ўсё-такі будзе ўзбуджаная. Пятру Іванову па-ранейшаму пагражае зьняволеньне на тэрмін да 3-х гадоў.

РПГА «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна» занепакоеныя прымусовай шпіталізацыяй Ігара Пастнова. 21 жніўня 2013 г. суд Віцебскага раёну Віцебскай вобласьці ў закрытым паседжаньні задаволіў заяву Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі аб прымусовай шпіталізацыі і лячэньні Ігара Пастнова.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленьне з заклікам дамагацца вызваленьня віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага ў Віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце і СМІ. У паведамленьні Amnesty International гаворыцца, што Ігар Пастноў — псыхіятар зь Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі — цягам апошніх паўтара гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўраду й гарадзкую сыстэму аховы здароўя.

Віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў і Пётар Іваноў, якім 29 жніўня дазволілі сустрэцца з доктарам Ігарам Пастновым ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі паведамілі, што ўмовы яго ўтрыманьня ў гэтай лячэбнай установе палепшыліся. Цяпер Ігару Пастнову дазволена весьці ліставаньне; дасылаць і атрымліваць тэлеграмы, лісты, грашовыя пераказы, пасылкі і бандэролі; атрымліваць перадачы; карыстацца тэлефонам; прымаць наведвальнікаў; мець і атрымліваць прадметы першай неабходнасьці; карыстацца ўласным адзеньнем.

Часова выконваючы абавязкі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўнік міліцыі Мікалай Данькоў паведаміў, што па звароце віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава на «тэлефон даверу» МУС Рэспублікі Беларусь кіраўніцтвам унутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму праведзеная праверка, па выніках якой начальніку аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску падпалкоўніку міліцыі Шаховічу А.І. строга паказана на недапушчэньне надалей фактаў несвоечасовага пачатку правядзеньня асабістага прыёму грамадзян.