Пятніца, 29 Верасень 2017

Віцебск: За адмову маліцца маці ўзгрэла і пагражала забіць 9-гадовага сына

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Гэта адбылося яшчэ ў ліпені, – распавяла старшая памочніца пракурора гораду Віцебску Вольга Каралёва. – Пасьля таго, як хлопчык адмовіўся маліцца, маці схапіла яго за галаву, ударыла аб драўляную парту, потым біла па галаве кнігай і шкляным слоікам. Затым маці паваліла дзіця на падлогу, села на яго, абхапіла за шыю і пачала душыць, пагражаючы забойствам».

«У хлопчыка засталіся гематомы на галаве і ранкі на шыі. Пагрозу забойствам ён успрыняў як рэальную небясьпеку – думаў, што мама і сапраўды хоча яго забіць», – дадала памочніца пракурора.

Пра тое, што адбылося, у праваахоўныя органы паведаміў бацька хлопчыка. Высьветлілася, такія сытуацыі здараліся ў сям'і ўжо не ўпершыню. Сям'я вонкава пасьпяховая і прыстойная. Жанчына працуе ў царкоўнай краме, строга выконвае пасты, часта езьдзіць у паломніцтвы па сьвятых мясьцінах. У сям'і двое дзяцей, і абаіх маці спрабавала выхоўваць у рэлігійным духу. Старэйшы сын – інвалід дзяцінства, і ён па стане здароўя папросту ня можа гэтак часта маліцца і пасьціць, як таго патрабавала маці. За адмову маліцца ці выконваць пост маці ня толькі ганіла яго, але і фізычна карала. Бацька некалькі разоў спрабаваў прыцягнуць яе да адказнасьці, пісаў заявы ў міліцыю, але потым мірыўся з жонкай.

«Пасьля таго, што адбылося, мужчына падаў на развод, аднак ужо ў судовым паседжэньні ён у чарговы раз памірыўся з жонкай, – распавяла Вольга Каралёва. – Цяпер у дачыненьні да жанчыны распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэкса (пагроза забойствам). Пракуратура ўнесла прадстаўленьне з патрабаваньнем прызнаць пацярпелага хлопчыка маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забраць яго зь сям'і».

Натальля Партоліна, kp.by