Сьвяточную акцыю, якая ладзілася ў Полацку на Кургане Бесьсьмяротнасьці, мясцовыя ўлады назвалі патрыятычна: «Паклонімся вялікім тым гадам». На доўгай бэтоннай лесьвіцы, якая вядзе ад кургану, школьнікі-піянэры трымалі партрэты вэтэранаў вайны. Дзеці стаялі без галаўных убораў пад пякучым сонцам.
Мерапрыемства доўжылася больш за паўгадзіны. Некаторым дзецям станавілася блага. Дваіх дзяцей, якіх стала хістаць, каб тыя ня страцілі прытомнасьць, забралі зь лесьвіцы і разьмясьцілі ў цень.
Небясьпечная эксплёатацыя дзяцей
Адзін школьнік страціў прытомнасьць і ўпаў на бэтонную лесьвіцу. Дзіцяці аказалі першую мэдычную дапамогу і пасьля панесьлі зь лесьвіцы. Хлопчык упаў фактычна на вачох у намесьніка старшыні Полацкага райвыканкаму Пяткевіча Пятра Мяфодзьевіча. Апошні з зайздроснай вытрымкай і спакоем, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасьці, назіраў за сытуацыяй, не беручы якога-небудзь ўдзелу.
Больш за 60 школьнікаў-піянэраў трымалі партрэты. Варта ўлічыць ўзрост піянэраў: паводле статуту БРПА, гэта дзеці з 10 да 14 гадоў. Ці была неабходнасьць прымушаць дзяцей удзельнічаць непасрэдна ў гэтым мерапрыемстве, альбо варта было прыцягнуць старшаклясьнікаў ці студэнтаў? Бо згодна з абавязаньнем Беларусі па Канвэнцыі аб правох дзіцяці, дзяржава прызнае права дзіцяці на абарону ад эканамічнай эксплёатацыі і ад выкананьня любой працы, якая можа ствараць небясьпеку для яго здароўя.
Каму заваявалі перамогу?
Мясцовая ўлада Полацкага раёну ў траўні санкцыянавала правядзеньне мноства сьвяточных мерапрыемстваў, выступаючы на якіх казалі і пра дзяцей. Старшыня полацкага райсавету дэпутатаў Язэп Грыбовіч казаў: «Важна захаваць памяць пра падзеі тых суворых гадоў, каб новыя пакаленьні выхоўваліся на доблесных прыкладах гераізму дзядоў і прадзедаў, памяталі і ганарыліся імі… Бацькі і дзяды заваявалі НАМ перамогу. Дзякуючы гэтаму МЫ можам спакойна жыць, стваральна працаваць, гадаваць шчасьлівых дзяцей».
Можна сказаць, што на гэтым мерапрыемстве школьнікі атрымалі ўрок эксплёатацыі іх працы, якая небясьпечная для здароўя дзяцей. Дык для каго ж дзяды заваявалі перамогу? Напэўна, не такога будучага яны хацелі для сваіх унукаў і праўнукаў.
Рэзэрвацыя для сьвяткаваньня
Тэрыторыя - рэзервацыя для сьвяткаваньня Дня Перамогі была абмежаваная папераджальнымі стужкамі. Уваход на Курган Бесьсьмяротнасьці ажыцьцяўляўся толькі праз турнікеты з супрацоўнікамі міліцыі. Мужчын аглядалі мужчыны, жанчын -женщины. Акрамя бясьпекі, правяралі таксама на наяўнасьць алькаголю - для прадухіленьня ўжываньня прынесенага з сабой сьпіртнога. Ужываць на масавым мерапрыемстве можна было толькі набытае ў гандлёвых аб’ектах, разьмешчаных непасрэдна на тэрыторыі, абмежаванай для сьвяткаваньня.
https://vitebsk.dns.army/news/pravy-dzicjaci/item/522-dzen-peramogi-u-polatsku-dzetsi-strachvali-prytomnasts-fota#sigProId39e2579df8