Як ужо паведамлялася, з надыходам каляндарнай вясны колькасьць дробных прадпрымальнікаў на віцебскіх рынках значна вырасла. І хоць вяртаньня да дакрызыснага стану не назіраецца, і немалая колькасьць пустуючых ралетаў і працоўных месцаў заўважная няўзброеным вокам, сытуацыя значна палепшылася. Патлумачыць абстаноўку, што склалася ў прадпрымальніцкім асяродку, мы папрасілі віцебскіх прадстаўнікоў малога бізнэсу і намесьніка старшыні РГА «Пэрспэктыва» Анатоля Шапавалава.
Кажа Анатоль Шапавалаў:
– Выхад значнай часткі дробных прадпрымальнікаў на свае працоўныя месцы нічога ня значыць. Проста, каб выжыць, людзі імкнуцца выкарыстаць сытуацыю, якая склалася. А яна палягае ў тым, што зьверху дадзеная тайная каманда: пакуль прадпрымальнікаў не чапаць. Аднак існуючы статус-кво можа трываць толькі да першай успышкі. Дастаткова некалькіх канфіскацыяў – і сытуацыя выбухне. І, я думаю, яшчэ з большай сілай, чым гэта было раней. Улада адсочвае настроі ў прадпрымальніцкім асяродку, маніторыць, але ніякіх захадаў ня робіць.
Галоўным праціўнікам скасаваньня ўказу №222 зьяўляецца Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. І гэта зразумела: у выпадку скасаваньня ўказу «паляцяць галовы» яго распрацоўшчыкаў. Таму, нягледзячы на забарону Менскім гарвыканкамам правядзеньня «Маршу прадпрымальнікаў», кіраўнік РГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсьці 14 сакавіка да міністэрства. І я ўпэўнены, што гэтым разам прыйдзе значна больш грамадзян, ніж раней. Паедуць туды і віцебскія прадпрымальнікі. Бо сытуацыя склалася патавая: нават на спыненьне прадпрымальніцкай дзейнасьці патрабуецца мінімум 60 – 70 мільёнаў рублёў, якіх большасьць ня мае.
Прадпрымальнік Алег упэўнены:
– У выпадку масавых штрафаў рынкі спыняць сваё існаваньне, пачнецца беспрацоўе, і будзе невядома што. А ў цяперашні момант на рынку няма ніводнага прадпрымальніка, якога нельга было б за што-небудзь аштрафаваць. Усёй патрабаванай дакумэнтацыі няма ні ў кога, дый зрабіць яе папросту нерэальна. Калі ўлада ня хоча скасаваць указ, хай хаця б унясе туды дадаткі, якія дазволяць нам спакойна працаваць. Бо нашы патрабаваньні выключна эканамічныя. У пратэстных акцыях многія пакуль ня бачаць сэнсу, але пасьля таго, як людзі пачнуць закрывацца, калі працы ня стане, тады, думаю, сэнс убачаць усе.
Склалася абсурдная сытуацыя: дзяржава хоча за кошт прадпрымальнікаў рэалізаваць прадукцыю, вырабленую нашай лёгкай прамысловасьцю. Але ж ня мы вінаватыя, што нашы фабрыкі ня шыюць рэчаў, неабходных нашаму спажыўцу. Такой эканамічнай палітыкай дзяржава сама змушае пакупнікоў езьдзіць на закупы ў Расею. Усе нашы асноўныя кліенты ўжо ў Смаленску, але ж яны вывозяць з краіны валюту. Дый многія віцебскія прадпрымальнікі вымушаныя пераносіць свой бізнэс у Маскву, Вязьму, Смаленск... Складваецца ўражаньне, што нас хочуць зьнішчыць.
Купка прадпрымальніц, перабіваючы адна адну, ахвотна дзеліцца сваімі думкамі:
– Самае цікавае, народ не разумее таго, што адбываецца з малым бізнэсам. У сувязі з апошнімі патрабаваньнямі дзяржавы мы вымушаныя былі падняць кошты. Людзі нам кажуць: «Што вы ўчынілі, што вы нарабілі, навошта нам такі дарагі тавар?» Бо яны прызвычаіліся да таннага тавару, а яго становіцца ўсё менш. Асабліва ў Віцебску, дзе гэткае беспрацоўе, і дзе моладзь ня можа знайсьці прымяненьне сваім сілам.
– Але нават там, дзе кошты – мізэр, усё адно гандаль ідзе кепска: падыходзяць, пытаюцца і сыходзяць. Цяжка ўявіць, але перад Восьмым сакавіка гандаль зусім не ажыў. Сытуацыя – ніякая. Так і хочацца сказаць уладзе: «Вярніце тое, што было. З 96-га году людзі куплялі джынсы, курткі, кофтачкі, і яшчэ ніхто не атруціўся ад нашэньня гэтага адзеньня. Ніхто пупырышкамі не пакрыўся. А вось прадуктамі харчаваньня людзі труцяцца. Дый не толькі прадуктамі: у крамах канфіскату дзяржава прадае несэртыфікаваны посуд – і нічога, усё нармальна.
– Гэта называецца «абдзіралаўка». Наша дзяржава падымае Расею, Украіну, а беларусаў апускае. Да чаго дайшло: расейцы бясплатна дасылаюць у Віцебск аўтобусы, каб беларусы ехалі ў смаленскія гандлёвыя цэнтры і пакідалі там валюту. Нас апускаюць ніжэй за плінтус. Мая сяброўка атрымала пэнсію мільён васемсот. Скажыце, як на гэтую пэнсію можна жыць? Яна вымушаная ў 56 гадоў стаяць на рынку, каб зарабіць дадаткова хаця б два-тры мільёны, але яе хочуць пазбавіць нават гэтага.
С. Горкі