Сваім супрацоўнікам кіраўніцтва заводу тлумачыць сытуацыю складаным фінансавым становішчам: склады загружаныя, прадукцыя дрэнна ідзе на збыт. Такім чынам, агульныя эканамічныя цяжкасьці прадпрыемствы сталі прыватнай праблемай кожнага з тысячы работнікаў “КІМа”. Так, паводле кантракту Ігару належыць каля 4 мільёнаў у месяц. Але ўжо 2 месяцы ён атрымлівае крыху больш за мільён - гэта бюджэт пражытачнага мінімуму. Атрымліваецца, што толькі яму прадпрыемства сёньня яшчэ павінна прыкладна 6 мільёнаў рублёў.
“Каб дамагчыся сваіх грошай, людзі, якія працуюць непасрэдна на вытворчасьці, нават пачалі страйкаваць: на зьмену прыходзілі, але нічога не рабілі. Пасьля гэтага рабочым паціху пачалі выплачваць зарплаты, - распавядае Ігар. - А іншым спэцыялістам даводзіцца сядзець без капейкі ў кішэні…”
Праблема ААТ “КІМ” ўжо выйшла за межы заводу. Вырашыць пытаньне з абавязкамі па зарплаце кіраўніцтву прадпрыемства сёньня дапамагае і канцэрн лёгкай прамысловасьці, і гарадзкія ўлады Віцебску. “У ААТ “КІМ” складанасьці з рэалізацыяй прадукцыі: зараз не сэзон. Каб прадпрыемства разьлічыліся са сваімі супрацоўнікамі, мы дапамаглі яму атрымаць крэдыт, - кажа намесьніца кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Таісія Баглай. - 28 чэрвеня павінны былі быць выплачаныя усе даўгі па зарплаце”.
Гэтую інфармацыю пацьвярджае і кіраўніцтва трыкатажнага прадпрыемства: “Мы ўжо цалкам разьлічыліся з усімі сваімі супрацоўнікамі за красавік і за травень, - запэўнівае намесьніца дырэктара ААТ “КІМ” па ідэалягічных пытаньнях Людміла Мірош. - Зараз бухгальтэрыя налічвае рэшткі. Гэта ўжо чыста тэхнічны працэс, на які яшчэ патрэбен час”. Праўда, гэтыя “рэшткі” да працаўніка ААТ “КІМ” Ігара дагэтуль не дайшлі. Сёньня ён зноў праверыў балянс на картцы - там па-ранейшаму бязь зьменаў.