Чацвер, 01 Жнівень 2013

Кітайцы створаць «Сіліконавую даліну» ў Віцебску?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Кітайскія кампаніі гатовыя ўдзельнічаць у інвэстпраекце па стварэньні «Сіліконавай даліны» ў Віцебску. Пра гэта заявіў першы намесьнік мэра Харбіну (КНР), пастаянны член камітэту Камуністычнай партыі Кітая гораду Харбін Не Юньлінь на сустрэчы са старшынём Віцебскага гарвыканкаму Віктарам Нікалайкіным. “Мы чакаем ад вас бізнэс-пляну па праекце стварэньня «Сіліконавай даліны»”, - сказаў кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Харбіну, падкрэсьліўшы, што са свайго боку яны вызначыліся, што будуць займацца гэтым праектам і гатовыя супрацоўнічаць па ім зь беларускімі кампаніямі.

Віктар Нікалайкін адзначыў, што пад рэалізацыю праекту па стварэньні віцебскай «Сіліконавай даліны» - парку інфармацыйных і інавацыйных тэхналёгіяў ужо вызначаная пляцоўка памерам 6 тыс.кв.м. На ёй вядуцца падрыхтоўчыя працы, іх плянуецца завяршыць да 2014 году.

Падчас сустрэчы бакі таксама вызначылі канкрэтных асоб і ведамствы, якія будуць займацца пытаньнямі апэратыўнага абмену інфармацыяй і паглыбленьнем супрацоўніцтва паміж Віцебскам і Харбінам, а таксама абмяняліся запрашэньнямі творчых дэлегацыяў партнэраў на Міжнародны фэстываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і музычны фэстываль “Харбінскае лета”. “Супрацоўніцтва па ўсіх напрамках будзе спрыяць умацаваньню дружбы народаў Кітая і Беларусі, а таксама стварэньню ўнікальнай пляцформы для разьвіцьця нашых гарадоў”, - адзначыў першы намесьнік мэра Харбіну.

Пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскам і Харбінам падпісанае ў красавіку 2009 году, а ў студзені 2012 году - пагадненьне аб устанаўленьні пабрацімскіх адносін, якое лягло ў аснову для ажыцьцяўленьня наступных кантактаў і абмену ў розных сфэрах. Тады ж было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Харбінскай зонай разьвіцьця і Віцебскім гарвыканкамам для аб’яднаньня намаганьняў у мэтах умацаваньня ўзаемадзеяньня ў галіне эканомікі і гандлю, абмену інфармацыяй.

Крыніца: БелТА