Аўторак, 08 Верасень 2026

Сёння – угодкі славутай Аршанскай бітвы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Крапівенскае поле непадалёк ад Оршы, дзе 8 верасьня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі дружынамі, беларускія патрыёты лічаць полем нацыянальнай славы. У першыя часы незалежнай Беларусі гэты дзень быў афіцыйным святам -Днём беларускай вайсковай славы. Ае потым дзяржаўная палітыка змянілася, і “перамагаць Маскву” стала небяспечна...

Беларускія ўлады адмянілі не толькі свята – яны спляжылі цудоўную традыцыю адзначаць гэты дзень на Крапівенскім полі штогадовым бардаўскім фэстам. Упершыню гэты фэст правялі ў 1991 годзе, шмат гадоў на яго збіраліся слухачы і выканаўцы з усёй Беларусі. Але нават у часы, калі бардаўскі фэст яшчэ не лічыўся “несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”, традыцыю гвалтоўна перарвалі сіламі міліцыі.

Спачатку, у 2009 годзе, на Крапівенскім полі нібыта “знайшлі міну” – такую прыдумалі прычыну, каб не пусціць туды людзей. А ў 2010-м міліцыя зладзіла сапраўдны разгод – са стралянінай з ракетніц і масавымі затрыманнямі. Яшчэ некалькі год бардаўскі фэст праводзілі “падпольна” – ужо для невялікай колькасці “сваіх”, пад пагрозай затрыманняў, якія яас ад часу здараліся. Але, паколькі “партызаншчына” у беларусаў у крыві, то напэўна і сёлета ў тых мясцінах у першую нядзелю верасня збіраліся людзі. І спявалі – ціха, але вольна...

Мы прапануем паглядзець архіўныя фота – як выглядае поле Аршанскай  бітвы і як на ім  у мінулыя гады  ( да 2019 году, аператыўнікі могуць не турбавацца: час адміністрацыйных пакаранняў даўно сыйшоў!) праходзілі святкаванні. Вельмі шмат намаганняў для ўшанавання памяці палеглых ваяроў зрабіў вядомы мастак Алесь Пушкін, які трагічна памёр падчас зняволення. На здымках можна пазнаць і іншых вядомых асобаў, якіх ужо няма з намі, - на поле беларускай славы яны сёння глядзяць з нябёсаў...

Людміла Краско