Чацвер, 27 Снежань 2018

“Гэта ня сьведчыць, што мы дармаеды”. Біскуп Віцебскі – пра “няўдзел у эканоміцы”

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч закрануў падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі некаторыя этычныя аспэкты “дармаедзтва” як зьявы. Чалавек мае абавязак працаваць і мусіць выплачваць падатак, але ёсьць яшчэ адзін прынцып…

“Увогуле, калі казаць пра гэтыя справы, яны блізкія нам, бо датычацца нашага жыцьця ў грамадзтве. Ёсьць тры моманты, зьвязаныя паміж сабой вельмі цесна.

І калі адзін з гэтых трох прынцыпаў парушаецца, гэта заўсёды вядзе да напружанасьці ў грамадзтве”, – сказаў кіраўнік Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі.

Хрыстос не ўхіляўся ад выплаты падаткаў

“Чалавек, які жыве ў грамадзтве, мусіць выплачваць падаткі, гэта ёсьць абавязкам. І сам Езус Хрыстус у свой час не ўхіляўся ад гэтага абавязку”, – сьцьвердзіў біскуп.

Пры тым, паводле ягоных слоў, Езус сплачваў іх мытнікам, якіх на той час у Ізраілі вельмі не любілі, бо зьбіралі мыту на карысьць Рымскай імпэрыі.

Сацыяльная рэкляма на білбордзе ля катэдральнага касьцёлу ў Віцебску

“Больш за тое, ведаем яго знакамітае выслоўе: “Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”. Гэта першае”, – падкрэсьліў пастыр дыяцэзіі.

Праца – натуральнае права чалавека

“Праца ёсьць правам і адначасова абавязкам для чалавека. Ведаем, што Бог, ствараючы чалавека, усклаў на яго абавязак быць гаспадаром на той зямлі, якую для яго стварыў. Загадаў яму клапаціцца, апрацоўваць і берагчы той эдэмскі сад, у які быў зьмешчаны. Гэта азначае абавязак працы”, – сказаў біскуп.

“І гэта натуральнае права, закладзенае ў натуру чалавека”, – дадаў.

Падмацаваў свае цьверджаньні выказваньнем апостала Паўла: “…каб яны, працуючы ў супакоі, елі хлеб свой уласны” (2 Фэс 3:12).

Чалавек мусіць атрымліваць узнагароду за працу

“І трэці момант. Працадаўца абавязаны ўзнагароджваць чалавека за ягоную працу. І “Стары Запавет” асаблівым чынам зьвяртае на гэта ўвагу: той, хто затрымлівае альбо пазбаўляе чалавека ягонага заробку, той фактычна зьяўляецца забойцам. Той, хто пазбаўляе чалавека сродкаў на існаваньне, пралівае кроў”, – сказаў біскуп.

Патрэбныя рэформы эканамічнай сыстэмы

“І калі адзін з гэтых трох прынцыпаў парушаецца, гэта амаль заўсёды вядзе да напружанасьці ў грамадзтве. А можа і ўвогуле прывесьці да развалу сыстэмы”, – выказаў меркаваньне кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі, прывёўшы прыклад Савецкага Саюзу.

Паводле Алега Буткевіча, часьцей гэта адбываецца, калі людзі не атрымліваюць заробкаў альбо калі тыя заробкі не сувымерныя з выдаткамі на жыцьцё.

“І гэты закон – натуральны. Калі ён не выконваецца, то зьмяніць яго альбо кампэнсаваць нейкім іншым – да добрага выніку не прывядзе. Таму павінны быць больш глыбокія і грунтоўныя зьмены і рэформы ўсёй эканамічнай сыстэмы”, – сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Ці ёсьць у "дармаеда" маральнае апраўданьне

“Трэба зыходзіць зь яго ўласнай жыцьцёвай сытуацыі. То бок наколькі чалавек можа ў сваёй сытуацыі знайсьці працу і наколькі гэтая праца будзе прыносіць яму той заробак, які дазволіць весьці годнае жыцьцё”, – адказаў біскуп.

“Але паўтаруся: калі не выконваюцца названыя прынцыпы, гэта вядзе да карупцыі, да жаданьня шукаць працу па-за межамі краіны. Але ж гэта ня сьведчыць аб тым, што мы дармаеды. Мы шукаем гэтую працу, але хочам, каб гэтая праца забясьпечвала і ўтрымлівала ў жыцьці мяне і маю сям’ю”, – падсумаваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Зьміцер Міраш