Панядзелак, 25 Студзень 2021

У Віцебску далучыўся да страйку тэатральны рэжысёр і выкладчык Антон Грышкевіч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Антон Грышкевіч (справа) з мастаком Алесем Пушкіным. Фота: facebook.com Антон Грышкевіч (справа) з мастаком Алесем Пушкіным. Фота: facebook.com

У Віцебску 25 студзеня да агульнанацыянальнай забастоўкі далучыўся тэатральны рэжысёр і выкладчык Антон Грышкевіч. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Віцяблянін патрабуе адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітзняволеных, расследавання ўсіх злачынстваў супраць беларускага народу.

Антон Грышкевіч працуе выкладчыкам у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтва.

«Не магу больш удаваць, што нічога не адбываецца. Не хачу быць часткай гэтай сістэмы. Педагог не можа абстрагавацца ад гвалту і несправядлівасці, якія адбываюцца вакол. Не хачу хлусіць і вучыць няпраўдзе сваіх вучняў», – заявіў Антон Грышкевіч у відэазвароце, апублікаваным на Facebook.

У размове з «Віцебскай Вясной» Антон патлумачыў, што «даўно накіпела», але трэба было дацягнуць да сесіі – «нельга было кінуць студэнтаў пасярэдзіне працэсу». Апошняй кропляй стала хвароба на каронавірус, якім заразіўся ў каледжы, дзе, паводле Грышкевіча, не прытрымліваліся рэжыму бяспекі.

«Я ледзь не памёр, заразіў усю сям'ю. А пакуль я там паміраў, у каледжы не маглі спыніцца – ладзілі нейкае папсовае безгустоўнае шоў. І гэта таксама было штуршком», – распавёў Антон Грышкевіч.

«Я, Грышкевіч Анатоль (пашпартнае імя рэжысёра - заўв. рэдакцыі) Васілевіч, лічу немагчымым выконваць свае службовыя абавязкі і далучаюся да Агульнанацыянальнай забастоўкі ад 25.01.2021 году. Забастоўка працягнецца да поўнага выканання маіх патрабаванняў:

  1. Адстаўка Лукашэнкі А.Г.
  2. Вызваленне ўсіх палітычна асуджаных.
  3. Спыненне гвалту з боку МУС у дачыненні да мірных грамадзян.
  4. Расследаванне ўсіх злачынстваў, здзейсненых супраць мірнага народу», – напісаў у заяве аб пачатку страйку Антон Грышкевіч.

«Задумаў я неяк праграму «Ноч расстраляных паэтаў», прысвечаную Курапатам, але зразумеў, што нават заікнуцца пра гэта немагчыма, таму што каледж культуры і мастацтва – гэта ідэалагічная прыбудова да гэтай іржавай сістэмы...» – кажа Антон Грышкевіч.

Рэжысёр адпрацаваў у Віцебскім каледжы культуры і мастацтва каля чатырох гадоў.

Зміцер Міраш