З якой прычыны быў затрыманы Аляксандр Капшуль – дакладна невядома. Нагадаем, што цягам 21-23 верасня па краіне пракацілася хваля затрыманняў працаўнікоў заводаў і стачкамаўцаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, атрыманай ад праваабаронцаў, затрыманні адбываліся ў межах арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Вядома, што Аляксандра Капшуля, затрыманага ў РФ, у экстраным парадку перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі, якія з памежнага пераходу «Троебортное» таемна вывезлі яго ў Менск.
Цяпер Аляксандр Капшуль знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у яго зламаная нага і пашкоджаная рука. Праваабаронцы паведамляюць, што ў СІЗА КДБ і гомельскім СІЗА-3 знаходзяцца на сёння 13 чалавек, затрыманых па справе «Рабочага руху».
Аляксандр Капшуль ў 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Міжнароднае права», адпрацаваў больш за 20 гадоў юрысконсультам у юрыдычным аддзеле юрыдычнага ўпраўлення ААТ «Нафтан». Ён жанаты, мае двух няпоўнагадовых дзяцей.
Віталь Кажух