Субота, 23 Май 2015

Зь віцебскай фабрыкі-банкрута «КІМ» за 3 месяцы звольніліся 120 работнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці вынес вызначэньне аб адкрыцьці конкурснага вядзеньня ў дачыненьні да віцебскага ААТ «КІМ» па справе аб яго банкруцтве. Па завяршэньні гэтай спэцыяльнай працэдуры будзе вызначаны далейшы лёс – санацыя або ліквідацыя – фабрыкі, якой ў 2016-м споўніцца 85 гадоў з дня заснаваньня.

Цягам абароннага пэрыяду, усталяванага на 3 месяцы, праведзены аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасьці даўжніка, вынікі якога пацьвердзілі яго устойлівую неплацежаздольнасьць. Гэта і зьяўляецца падставай для адкрыцьця конкурснага вядзеньня. Паводле слоў часовага ўпраўляючага Паўла Зайца, крэдыторская запазычанасьць фабрыкі папярэдне ацэньваецца ў суму больш як 200 мільярдаў рублёў, і яе памер пастаянна расьце. Дырэктар «КІМ» Віктар Аксёнаў растлумачыў, што з моманту ўступленьня прадпрыемства ў працэдуру банкруцтва крэдыторы прыпынілі фінансаваньне, сур’ёзную загрузку вытворчасьці забясьпечыць не ўдалося, а трыкатажны ўчастак прыйшлося і зусім спыніць. Дэфіцыт абаротных сродкаў у фабрыкі перавышае 95 мільярдаў рублёў.

Сёньня кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства ва ўзаемадзеяньні з гарадзкім цэнтрам занятасьці і іншымі службамі прапрацоўваюць розныя варыянты працаўладкаваньня работнікаў. За апошнія тры месяцы звольніліся 120 чалавек, і колькасьць калектыву працягвае скарачацца. Пакуль жа ў штаце больш за 630 спэцыялістаў. Праблемным застаецца пытаньне ліквідацыі запазычанасьці па заработнай плаце. Ледзьве не адзінай магчымасьцю знайсьці рэсурсы для першачарговых плацяжоў зьяўляецца распродаж нерухомай маёмасьці. Ужо выстаўленыя на таргі два аб’екты – крама і кавярня на плошчы Перамогі з сумарнай пачатковай цаной амаль 11 мільярдаў рублёў. Грошы ад іх продажу пойдуць на пагашэньне зарплатных даўгоў і выплаты па іншых сацыяльных забавязаньнях.

Эканамічны суд прызначыў антыкрызысным кіраўніком Паўла Зайца, да якога і пераходзіць кіраваньне справамі прадпрыемства. Яму трэба будзе скласьці рэестар крэдытораў і даўгавых забавязаньняў акцыянэрнага таварыства, прыняць меры па захаванасьці маёмасьці, а таксама падрыхтаваць два варыянты плянаў на будучыню прадпрыемства – яго санацыі або ліквідацыі. У пэрыяд конкурснага вядзеньня прыпыняецца налічэньне адсоткаў, няўстоек і іншых эканамічных санкцыяў па ўсіх відах яго запазычанасьці, адмяняюцца раней прынятыя меры па забесьпячэньні патрабаваньняў крэдытораў, здымаюцца накладзеныя арышты на маёмасьць даўжнiка, не дапускаецца спагнаньне або прыпыняецца выкананьне іншых маёмасных санкцыяў.

Крыніца: Витебские вести