Парушаныя міжнародныя стандарты
У Беларусі не выконваюцца базавыя міжнародныя стандарты ў галіне працоўных стасункаў наймальнікаў і работнікаў, таму краіна знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі і паўнавартасна не супрацоўнічае з МАП.
Заробак на заводах вызначаецца зыходзячы ня толькі з прыбытковасьці бізнэсу, але і з памеру заробку, юрыдычна вызначанага ў калектыўнай дамове, якая заключаецца ў перамовах наймальніка і прафсаюзу. Прафсаюз у гэтых калектыўных перамовах прадстаўляе работнікаў, таму які прафсаюз - такі і заробак.
Прынцыповае пытаньне
Каменем спатыкненьня стала пытаньне наконт прадстаўнічасьці прафсаюзаў, гэта значыць наконт іх права на ўдзел у перамовах з працадаўцам. Прафсаюзы ФПБ больш шматлікія і таму мяркуюць, што толькі яны маюць права весьці калектыўныя перамовы з наймальнікам ад імя ўсіх работнікаў. Аднак права на адстойваньне сваіх эканамічных інтарэсаў падчас вядзеньня калектыўных перамоў мусіць мець кожны рабочы, таму сам рабочы мусіць вызначаць, які прафсаюз будзе прадстаўляць яго эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы ў перамовах з дырэктарам заводу.
Афіцыйная міжнародная пазыцыя па Беларусі
Ёсьць некалькі афіцыйных дакумэнтаў МАП, якія выразна вызначаюць, што да таго часу, пакуль ня будзе гарантыяў, прызнаных міжнароднай супольнасьцю, аб захаваньні свабоды аб’яднаньня ў прафсаюзы ў Беларусі, пытаньні аб прадстаўнічасьці прафсаюзаў узьнімацца не павінны. Як сказала на сэмінары спэцыяліст МАП па працоўным праве і сацыяльным дыялогу Анжаліка Мюлер, «любая спроба ўзьняць пытаньне аб прадстаўнічасьці прафсаюзу, пра лічбы і гэтак далей будзе ўспрымацца кантрольнымі органамі МАП як спроба падавіць незалежны прафсаюзны рух у Беларусі. Як толькі будзе прамаўляцца слова «прадстаўнічасьць» на высокіх узроўнях, размова будзе спыняцца. Гэта трэба прымаць як дадзенасьць. На цяперашнім этапе пытаньне пра крытэры прадстаўнічасьці прафсаюзаў не павінна узьнімацца».
Прафсаюзныя «звады»
Прадстаўнікі ФПБ спрабавалі былі пярэчыць. Сакратар ФПБ Ганна Варфаламеева заявіла, што інфармацыя МАП састарэла: «Мо’ мы перагледзім неяк тое, што было даўно, - гэта не справядліва ў дачыненьні да рабочых нашай краіны».
На што запярэчыў намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага, работнік ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалай Шарах: «Інфармацыя ніколькі не састарэла, сытуацыя знаходзіцца ў тым самым стане - як было, гэтак і ёсьць - і нават пагаршаецца. Быў пэрыяд, калі ў нас на заводзе «Шкловалакно» быў рост колькасьці Свабоднага прафсаюзу, колькасьць павялічвалася ў два разы штогод. Як толькі ўлады ўбачылі, што прафсаюзы растуць, стварылі такія ўмовы, што работнікі вымушаныя выходзіць з прафсаюзу - не таму што яны не давяраюць прафсаюзу, а таму што пастаўленыя ў такія ўмовы. Калі ўмовы зьменяцца, можна будзе ставіць пытаньне і аб прадстаўнічасьці прафсаюзаў».
Вымушанае прыняцьце міжнародных стандартаў
Удзельнікі сэмінару разам працавалі ў групах і ў працэсе вымушанага дыялёгу ўсё ж змаглі выпрацаваць і прыняць за аснову прынцыпы ўдзелу дэмакратычных прафсаюзаў у калектыўных перамовах на прадпрыемствах. Працэс імплемэнтацыі (укараненьня) міжнародных стандартаў у працоўных адносіны «рабочы-наймальнік» праходзіў досыць жорстка. У адносінах паміж апанэнтамі адчувалася лёгкая варожасьць і неразуменьне пазыцыяў, якія выяўляліся ў словах і жэстах удзельнікаў.
У выніку прыйшлі да згоды аб прынцыпах калектыўных перамоваў рабочых і працадаўцы. Вось некаторыя з гэтых прынцыпаў:
- работнікаў будуць прадстаўляць усе дзеючыя на прадпрыемствах прафсаюзы, уваходзячы ў склад камісіяў па калектыўных перамовах;
- усе прафсаюзы будуць падпісваць калектыўную дамову, а, значыць, будуць мець гарантыі дзейнасьці на прадпрыемстве;
- пазыцыя рабочых заводу будзе вызначацца кансэнсусам прадстаўнікоў ад усіх прафсаюзаў у камісіі (на аснове агульнай згоды).
Дамова на джэнтэльмэнскай аснове
Прынятыя на сэмінары прынцыпы перамоваў будуць зацьверджаныя Саветам па ўдасканаленьні заканадаўства пры Міністэрстве працы, але ня будуць мець юрыдычна абавязковай сілы - гэта джэнтэльмэнскае пагадненьне па рэалізацыі міжнародных стандартаў. Як сказаў намесьнік міністра працы Ігар Старавойтаў, «пры невыкананьні прынятых прынцыпаў на прадпрыемствах скардзіцца ўнутры Беларусі ня будзе каму». Значыць, толькі жаданьне ўраду выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі можа падштурхнуць кіраўнікоў прадпрыемстваў Беларусі да імплемэнтацыі стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы.
У сэмінары ўзялі ўдзел прадстаўнікі заводаў, дзе дзейнічаюць па два прафсаюзы. Арганізатарамі былі адабраныя пяць такіх прадпрыемстваў. Апроч намесьнікаў дырэктараў па ідэалёгіі і старшыняў дэмакратычных і праўладных прафсаюзаў Полацкага рэгіёну, якія дзейнічаюць на ААТ «Полацак-Шкловалакно» і ААТ «Нафтан», удзельнічалі прадстаўнікі ААТ «Беларуськалій», ААТ «Мазырскі НПЗ», ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў».