Пятніца, 24 Сакавік 2023

У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Паведамленні пра звольненых на гэтай падставе паступаюць ад работнікаў розных гарадскіх прадпрыемстваў. Абсалютна розныя і пасады, якія займалі ўжо звольненыя – ад прыбіральшчыцы да начальніка цэха. Ад людзей не хаваюць, што «паступіў загад разабрацца». Апраўданняў пра тое, што ўлетку 2020года Віктар Бабарыка абвясціў збор подпісаў за свае вылучэнне на цалкам законных падставах, ніхто не слухае.

Падчас збору подпісаў за вылучэнне ўдзельнікаў мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі людзі пакідалі свае пашпартныя дадзеныя, па якіх іх цяпер расшукваюць.

Для адміністрацый прадпрыемстваў распараджэнні на звальненне работнікаў дадаюць праблемаў: міністэрствы патрабуюць выканання запланаваных аб’емаў працы, але здзейсніць гэта замінаюць «цякучка», якая набірае абароты, і дэфіцыт кваліфікаваных кадраў.

Масавыя звальненні за падтрымку Віктара Бабарыкі ў 2020-м годзе распачаліся больш як праз два гады пасля завяршэння электаральнай кампаніі. Прэтэндэнт на ўдзел у выбарах Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

У судзе Маскоўскага раёнy Мінска 6 ліпеня 2021 г. банкір і грамадскі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка быў прызнаны вінаватым паводле арт. 235 Крымінальнага кодэксy – Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і арт. 430 Крымінальнага кодэксy – Атрыманне хабару. Свае віны не прызнаў. Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі пакараў яго 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Віктар Бабарыка адбывае пакаранне ў Наваполацкай ПК1. У траўні 2022 г. Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу ад імя Віктара Бабарыкі. У звароце юрысты просяць прызнаць парушэнні правоў палітзняволенага (як мінімум 11), а таксама абавязкі дзяржавы вызваліць яго і ліквідаваць наступствы неправамернага асуджэння.

Таццяна Віктарава