Панядзелак, 15 Ліпень 2024

У віцебскіх ВНУ засталіся незапатрабаванымі месцы па мэтавых накіраваннях

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

План прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, калі выпускнік ВНУ абавязаны вярнуцца працаваць у тую структуру, якая давала накіраванне на вучобу, на 100% выканалі толькі ў тэхналагічным універсітэце. І нават перавыканалі: «мэтавых» месцаў у ВДТУ было няшмат – усяго 23, але на іх паступіла 30 заяваў.

Абласны Камітэт дзяржкантроля прааналізаваў гэты аспект уступнай кампаніі ў ВНУ. І мусіў канстатаваць, што ў ВДУ незапатрабаванымі засталіся 3 «мэтавых» месцы, ў віцебскім медычным універсітэце – 26, у полацкім дзяржаўным універсітэце -36. У акадэміі ветэрынарнай медыцыны праз недабор «мэтавікоў» увогуле былі вымушаны працягнуць набор дакументаў у абітурыентаў.

Сістэма мэтавых накіраванняў заклікана спыніць кадравы голад, які адчувае Беларусь. Бо ў некаторых галінах, асабліва ў сельскай мясцовасці, ужо літаральна няма каму вучыць або лячыць... Таму год ад году квоты мэтавых месцаў растуць. Але гэта не стала паратункам для эканомікі: выпускнікі школ не спакушаюцца ні на магчымасці паступлення з невысокім прахадным балам (для «мэтавікоў» ён заўсёды ніжэйшы), ні на гарантыю працаўладкавання.

У студэнцкіх чатах пішуць, што такая сітуацыя складаецца праз тое, што маладыя спецыялісты па сканчэнні трапляюць у вельмі няпростыя ўмовы працы - з малым заробкам, без прадастаўлення нармальнага жытла і гэтак далей. А калі накіраванне было «мэтавым», то маладыя людзі абавязны адпрацаваць пэўны тэрмін на «гарантаваным першым працоўным месцы». Не дадаюць аптымізму і агучаныя Аляксандрам Лукашэнкам «перспектывы» для выпускнікоў медычных спецыяльнасцяў – маўляў, ім трэба павялічыць тэрмін адпрацоўкі, асабліва «мэтавікам» і «бюджэтнікам».

Незапатрабаваныя «мэтавыя» месцы вырашана перадаць на агульны конкурс – яны дададуцца да ліку «бюджэтных». Але і з гэтай катэгорыяй у апошнія гады праблемы: на некаторыя спецыяльнасці стабільна фіксуецца надабор, асабліва на педагагічныя спецыяльнасці ў ВДУ.

Алег Старавойтаў