У Віцебскай вобласці больш за 382 тыс. членаў 15 галіновых прафсаюзаў, што складае 83,5 працэнта ад занятага ў эканоміцы насельніцтва. Кіруе віцебскімі прафсаюзамі чалец Рады Рэспублікі Нацыянальнага збору Рэспублікі Беларусь, г.зн. палітык рэспубліканскага ўзроўню Юры Дзяркач
Штомесяц у казну прафсаюза толькі ад радавых чальцоў прыходзяць каля 6,3 млн. рублёў. Таксама прафсаюзы маюць даходы ад прыналежнай ёй уласнасці і камерцыйных прадпрыемстваў, якія яны заснавалі і імі ж кіруюцца. Для прыкладу, у Віцебску гэта гатэль «Ветразь» і УА Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА» Віцебскі філіял.
З кожным годам за кошт прыватных прадпрыемстваў расце колькасць першасных арганізацый, павялічваецца прафсаюзнае членства. Так, да канца верасня ў прафсаюз уступіла каля 100 работнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белкаралін», якое зарэгістравана ў Свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск».
Вылучнасць пленуму надало зацвярджэнне нацыянальнаму прафцэнтру статусу суб'екта грамадзянскай супольнасці. Пасля чаго прафсаюзы ўнеслі змены ў статут у адпаведнасці з Канстытуцыяй, яны прайшлі рэгістрацыю. Цяпер на падставе Выбарчага кодэкса абласныя і Мінскае гарадское аб'яднанне прафсаюзаў вылучаны кандыдатамі на ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу.
Аналізуючы практычны бок дзейнасці прафсаюзаў, можна канстатаваць, што яны з некалі жабрацкай грамадскай арганізацыі ператварыліся ў палітычную сілу, і з'яўляюцца магутным канкурэнтам новастворанай "партыі ўлады" Белая Русь, членамі якой з'яўляюцца толькі 1,5 тыс. жыхароў Віцебскага рэгіёну, і гэтая партыя не ў прыклад прафсаюзам, не мае нармальнага фінансавання, уласнасці і даверу мас.
Алег Суворын