Нядзеля, 20 Ліпень 2014

Заробкі на ААТ «КІМ»: у рабочых — 2-3 мільёны, у дырэктара — 18

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскае ААТ «КІМ» ужо некалькі гадоў на слыху. Гаротны фінансавы стан і праграма выхаду на бясстратную працу прадпрыемства, назва якога расшыфроўваецца як «Клясыка індустрыі моды», неаднаразова абмяркоўваліся на самых розных узроўнях.

Год таму тут пабываў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч і прапанаваў як адзін з варыянтаў выратаваньня ААТ, дзяржаўная доля ў статутным фондзе якога складае 99,76 адсотка, далучэньне да голдынгу на базе «Сьвітанку». Кіраўніцтва прадпрыемства было катэгарычна супраць такога рашэньня і настойвала на чарговай, чацьвертай па ліку фінансавай дзяржпадтрымцы.

Прасіла «усяго» 100 мільярдаў рублёў на пагашэньне даўгоў, пратэрміновак, неплацяжоў і папаўненьне абаротных сродкаў прыкладна да 5 мільёнаў эўра на закупку абсталяваньня. Прэм’ер-міністар тады назваў гэткія інвэстыцыі чарговым закідам грошай у прорву…

Чаму сёньня мы зноў вярнуліся да гэтай тэмы? Таму што праблема так і засталася нявырашанай. Эканамічнае становішча «КІМ» па-ранейшаму выклікае немалую трывогу абласных і рэспубліканскіх органаў кіраваньня, а нядаўна праведзеная тут Камітэтам дзяржкантролю праверка паказвае, што нават наяўныя мізэрныя сродкі ААТ выдаткоўваюцца, мякка кажучы, своеасабліва. Прадпрыемства вось ужо сем гадоў зьяўляецца устойліва неплацежаздольным, ня можа ажыцьцяўляць бягучую дзейнасьць, своечасова выконваць свае абавязкі перад банкам і пастаўшчыкамі, мадэрнізаваць вытворчасьць. Тым ня менш тут, высьвятляецца, знаходзяць грошы на вельмі сумнеўныя выплаты…

«Перш за ўсё, нас зьдзівіла, што канцэрн “Беллегпрам” ня ставіць зарплату кіраўніка ў залежнасьць ад вынікаў працы прадпрыемства, - кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сфэры КДК Віцебскай вобласьці Сьвятлана Панкратава. - Вось глядзіце: рабочыя атрымлівалі 2-3 мільёны рублёў, кіраўнік - ад 12 да 18,5 мільёна. Пры тым, што зь лютага 2013 году заробкі супрацоўнікам выплачваліся з затрымкай у некалькі месяцаў. Толькі пасьля нашага ўмяшаньня заработную плату генэральнага дырэктара паменшылі ў два разы. Не саромеліся кіраўнікі таварыства і ў налічэньні сабе матэрыяльнай дапамогі да адпачынку».

Штатным намесьнікам нават на час аднадзённых камандзіровак генэральнага налічваўся дадатковы заробак за выкананьне яго абавязкаў. Але найцікавейшае ў тым, што пры наяўнасьці ў штаце 5 намесьнікаў генэральнага дырэктара, галоўнага інжынэра, намесьнікаў галоўнага інжынэра, галоўнага тэхноляга, галоўнага бухгальтара, 18 начальнікаў аддзелаў, іншых кіраўнікоў і спэцыялістаў быў прыцягнуты яшчэ і пазаштатны супрацоўнік. У абавязкі мінчука 1938 году нараджэньня ўваходзіла даваць кансультацыі па стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча таварыства. Таварыш кансультаваў цэлы год. За гэты час справы фінансавыя толькі пагоршыліся. У тым ліку і таму, напэўна, што на арганізацыю яго паездак у Віцебск, пражываньне ў гатэлі, харчаваньне і нават аплату цыгарэт (!) ды іншых выдаткаў затрачана больш за… 300 мільёнаў рублёў.

«Інфармацыя пра шматлікія парушэньні, выяўленыя падчас праверкі, ужо перададзеная ў праваахоўныя органы, - працягвае Сьвятлана Панкратава. - Справа пагаршаецца тым, што на рахунках бухгальтарскага ўліку ў «КІМ» - велізарная запазычанасьць незразумелага паходжаньня. Ніякімі дакумэнтамі не пацьверджаныя даўгі прадпрыемству ў суме больш за 8 мільярдаў рублёў, а таксама яго запазычанасьць у памеры звыш 6 мільярдаў рублёў. Гэта значыць, сёньня незразумела, хто, каму і за што завінаваціўся. Варта адзначыць, што адсутнасьць ўліку і дакумэнтацыі стварала добрую глебу для злоўжываньняў».

А пакуль ідуць праверкі, падлічваюцца даўгі і пераплаты, «КІМ» па-ранейшаму галоўнай умовай выхаду з крызысу пазначае дзяржаўную падтрымку…

respublica.by