Пятніца, 23 Красавік 2021

Віцебскія ўлады далі дазвол на правядзенне шэсця «Несмяротны полк» 9 траўня

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
«Несмяротны полк» у Віцебску. 2019 год «Несмяротны полк» у Віцебску. 2019 год

Інфармацыя пра тое, што ў Віцебску на Дзень Перамогі пройдзе шэсце «Несмяротнага палку» («Бессмертный полк») была размешчаная на афіцыйнай старонцы ініцыятывы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», на якую падпісана крыху больш за 700 удзельнікаў. Як запэўніваюць арганізатары, акцыя ўзгодненая з мясцовымі ўладамі.

«Кіраўніцтва гораду адгукнулася на нашую просьбу, уключыўшы шэсце «Несмяротнага палку» ў план святочных мерапрыемстваў 9 траўня і сумясціўшы яго з акцыяй «Беларусь памятае!» Такім чынам, «Несмяротны полк» у Віцебску адбудзецца!»гаворыцца ў паведамленні.

Інфармацыю аб імпрэзе, якая мае адбыцца на Дзень Перамогі, размясціў таксама расейскі інфармацыйны рэсурс «Рэгнум», які прасоўвае на постсавецкай прасторы ідэі «рускага свету». Варта нагадаць, што траіх аўтараў гэтага парталу ў 2018 годзе менскі гарадскі суд пакараў 5 гадамі зняволення за распальванне нацыянальнай варожасці. Тады суд прыйшоў да высновы што аўтары дапускалі ў тэкстах абразлівыя выказванні на адрас беларускага народу, яго гісторыі, мовы і культуры, ставілі пад сумненне суверэнітэт Беларусі.

У сваім анонсе рэсурс спасылаецца на актывістку руху «Несмяротны полк» у Віцебску Эльвіру Мірсалімаву. Пры гэтым, па звестках усё таго ж «Рэгнуму», у самой Расеі ў многіх гарадах мясцовыя ўлады шэсці адмянілі з прычыны каронавіруснай інфекцыі.

Раней і віцебскія ўлады шэсце не дазвалялі. Але палітычная сітуацыя змянілася.

Таццяна Севярынец: Гэта правакацыя!

На думку віцебскай актывісткі Таццяны Севярынец, правядзенне сёлета імпрэзы «Несмяротнага палку» – гэта правакацыя.

«Адмовы на правядзенне з боку ўладаў пазалетась – гэта намер «не дражніць гусей». Зараз жа ўсе робіцца, каб дагадзіць Пуціну і «русскому миру». Ва ўладаў няма больш боязі выклікаць адмоўную рэакцыю ў беларусаў. Зараз ідзе раздзяленне, бездань паміж пратэстоўцамі і «ябацькамі» расце. Нацыянальнае адзінства для іх азначае падтрымку Лукашэнкі. А астатніх трэба душыць, саджаць і страляць. Гэта правакацыя!» – кажа Таццяна Севярынец.

Шэсце-акцыя «Несмяротны полк» асацыюецца ў Беларусі перадусім з «русским миром», георгіеўскімі стужкамі і партрэтамі Сталіна. Арганізатарамі шэсця выступаюць прарасейскія арганізацыі. Пазалетась (2019 год) віцебскія ўлады не далі афіцыйнага дазволу на правядзенне акцыі, але яе арганізатары ўсё роўна заклікалі сваіх прыхільнікаў прыйсці на плошчу Перамогі ў Віцебску. Тады ўдзел у акцыі ўзялі каля 100 чалавек.

Уладзімір Бяляўскі