Пятніца, 19 Люты 2016

Начныя ваўкі ў Сяньне: Дзе мы – там Расея!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сямітыcячным гарадку на Віцебшчыне ёсьць беларускі аддзел «Начных ваўкоў», вайскова-патрыятычны клюб «Спарта», кіраўнік якога перадае вітаньні Гіві і Матаролу на Данбас, і спаборніцтвы па «Русскому жиму».

Мы з фатографам стаім на галоўнай плошчы Сянна і чакаем Жэню, мясцовага байкера. Перасякаць вялізную плошчу тутэйшыя не наважваюцца нават праз зэбру і ціснуцца па пэрымэтры. Будынак адміністрацыі падобны да заводзкага інтэрнату, і побач зь ім такая ж «заводзкая» дошка гонару.

 

Праз бэтонную арку зь пяцікутнай зоркай відаць хрэстаматыйны помнік савецкім воінам. На фоне ружовага будынку – бюсты Карла Маркса і Ўладзімера Леніна. За Марксам – новазбудаваная зь белай «дачнай» цэглы царква з бліскучымі купаламі. Насупраць гэтай ідэалягічна падгулялай кампазыцыі – БТР у гонар воінаў-афганцаў.

«Культ вайны», – бурчыць фатограф. Жэні доўга няма, мы топчамся вакол валуна, аздобленага ў выканкамаўскай стылістыцы «бронзавая дошка». «З 1924 года Сянно – цэнтар раёну, – паведамляюць літары. – Гісторыя не захавала часу заснаваньня Сянна, але наш горад безумоўна належыць да ліку старажытных славянскіх пасяленьняў».

А ўпершыню Сянно згадваецца ў 1442 годзе. Тут былі Сапегі і Агінскія, тут быў каталіцкі касьцёл, праваслаўныя сабор і царква. Мы вяртаемся да плошчы і вышукваем вачыма хоць найменшыя парэшткі пяцісотгадовай гісторыі мястэчка. І бачым Жэню.

На Жэні скураная байкерская камізэлька з надпісам «Сянно», кепка, высокія боты і штаны хакі. Па дарозе на базу «Начных ваўкоў» заўважаем яшчэ адзін помнік-танк і рэстаран з ганарлівай назвай «Акропаль».

«А, тут касьцёл раней стаяў, яго камуністы ўзарвалі», – кажа на яго Жэня.

«Я праслаўлю Сянно»

База «Начных ваўкоў» пад Сянном – проста на беразе Бярозаўскага возера. Краявіды такія, што дух займае. Афіцыйна аформленая як «экстрым-аграсядзіба», сёлета на фэстываль «Мотаўдар» база сабрала дзьве з паловай тысячы чалавек, – адразу распавядае нам гаспадар Алег Усьціновіч, якога ўсе ведаюць як Лешага. – «З Новарасійску людзі прыяжджалі за тры тысячы кілямэтраў, абы тут пабыць. З Прыбалтыкі прыехала шмат русканастроеных людзей, якія там яшчэ засталіся».

«Начныя ваўкі» – байкеры ідэйныя. «Мы за патрыятызм. Наш лёзунг – „Там, дзе мы, там Расея“. Наш лідэр – Хiрург, – распавядае Лешы. – Галоўны пункт – байкцэнтар у Маскве, і большая частка ў Расеі. Але „мы“ ёсьць і ў Нямеччыне, і ў Македоніі, і ў Сэрбіі. Ва Ўкраіне цяпер нашы ўсе на Данбасе хлопцы... у Наваросіі ваююць».

Усяго ў Беларусі чатыры прадстаўніцтвы Начных ваўкоў, кажа Лешы:

«Для Беларусі гэта нармальна. Калі браць разам з Бранскам і Смаленскам, то ў рэгіёне „Начных ваўкоў“ – чалавек 50».

Усё на сядзібе зроблена сваімі рукамі. На вэрандзе – стары матацыкл, у пакоі – більярдны стол, плязма і вялізны савецкі сьцяг.

«Не сакрэт, што мы супрацоўнічаем добра з „Русским домом“ (віцебскае грамадзкае аб’яднаньне – рэд.). Андрэй Герашчанка (кіраўнік „Русского дома“, вядомы выказваньнем пра ўціск правоў рускіх у Беларусі і публічнай рэакцыяй на яго Аляксандра Лукашэнкі – рэд.) нам добра дапамагае. У мінулым годзе нас трошкі спансавала расейская амбасада», – кажа Алег.

На фэстываль заўжды запрашаюць музыкаў «патрыятычнай» скіраванасьці. Сёлета хэдлайнэрам будзе «Чорны абэліск» (так, яны яшчэ граюць). Галоўная падзея – суботняя «кульмінацыя» – адмысловае прадстаўленьне з музыкай, фаершоў, байкерскімі трукамі. Алег такія «кульмінацыі» ставіць сам. Але прызнаецца, што да Хірурга яму далёка.

У падрыхтоўцы шоў Залдастанава ён удзельнічаў у Севастопалі.

«Там маштаб! Ёсьць што паглядзець! Дзьве тысячы чалавек толькі ўдзельнічалі, а народу прыехала трыста тысяч! – распавядае Лешы. – Людзі плакалі!»

Алегу «Лешаму» 45 год. Сам ён зь Сянна, адзін з пачынальнікаў байкерскага руху на Беларусі. Любоў да матацыклаў і патрыятызм у выглядзе павагі да падзеяў Вялікай Айчыннай вайны ў яго ад бацькі – Яўгена Нікіціча.

«Бацька мой – заслужаны трэнэр Беларусі па біятлёне. У тыя часы дзяржаве складана было яму машыну даваць, таму ён зь дзіцячага садку навучыў мяне езьдзіць на матацыкле. Садзіў мяне сьпераду, сам ззаду», – распавядае Алег.

Упершыню пад наглядам бацькі сам паехаў за стырном у восем год. Пра першы свой матацыкл Алег кажа зь пяшчотай:

«„Мінск“, вядома, у мяне быў. На чым жа яшчэ пачынаць езьдзіць, як не на сваім».

А цяпер у Лешага – Ямаха Вэнтура. «Ён у мяне старэнькі, 1987 году, але я яго не хачу прадаваць, – тлумачыць Лешы. – Ён вельмі магутны – 127 коней, літар трыста аб’ём, чатырохцыліндравы. Я марыў пра такі рухавік, таму і купіў».

«Я заўжды думала, што байкеры – перакананыя пазасыстэмшчыкі, а тут георгіеўская стужка, савецкі сьцяг. Адкуль гэта?» – пытаюся ў Алега.

«Мы патрыёты сваёй радзімы. Ня столькі Беларусі, – адказвае ён. – Я нарадзіўся ў СССР. Люблю СССР. Шкадую пра тыя часы, што ў нас атрымалася разьяднаньне».

Лешы з абурэньнем распавядае, што ў Прыбалтыцы «Начных ваўкоў» лічаць «пуцінскімі», а ва Ўкраіну ім цяпер няма дарогі.

«Шмат сяброў з Украіны, я не магу да іх паехаць, – кажа ён. – Не з-за вайны, а з-за таго, што я „Начны воўк“. Мне туды паехаць – гэта сьмяротны прысуд падпісаць! На мытні шлёпнуць!»

«Я за Савецкі саюз! – кажа Алег Лешы. – За аб’яднаньне рускіх людзей, каб не было гэтых межаў!»

Гэтаксама моцна Алег перажывае, што перамогу ў Другой сусьветнай сабе «прысвоілі» амэрыканцы, а пра сапраўдных пераможцаў цяпер стараюцца забыцца. «Яны (амэрыканцы – рэд.) – крутыя, у джынсах з жуйкай і з колай пайшлі ваяваць! А хто перамог па сутнасьці?! Мы перамаглі! Савецкі Саюз!»

У звычайным жыцьці Алег працаваў у Віцебску ў будаўнічай фірме, але цяпер, кажа, працы стала меней. Жэня – аўтаінструктар у Сяньне. У абодвух хлапцоў сямейнае жыцьцё не заладзілася. Жонкі, па іх словах, захапленьня байкерскімі справамі ня вытрымалі.

«Гэта ўсё ідэалёгія Захаду, – тлумачыць Алег. – Заходніх фільмаў нагледзеліся, і ўжо: „А, паехаў? А чаго паехаў? Вядома, дзеўкі, байкі, сэкс – наркотыкі – рок-н-рол“. Усё! А тое, што ён недзе працуе, на сцэне лазіць, рыхтуецца да кульмінацыі, ня можа ў цяперашні момант на тэлефон адказаць – пра гэта думкі не працуюць».

Байкеры ўдзельнічаюць ці не ўва ўсіх масавых мерапрыемствах у Сяньне. Абавязкова на 9 траўня едуць калёнай ускладаць кветкі да помніку на брацкай магіле. Кожны «Мотаўдар» прысьвячаюць знакавай падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Леташні – 70-годьдзю вызваленьня, сёлетні – 75-годзьдзю танкавай бітвы пад Сянном.

«Бацька перад сьмерцю прасіў, каб я ягоную справу працягваў, – кажа Алег. – І я стараюся».

Бацька Яўген Нікіціч быў у Сяньне старшынём мясцовага савету вэтэранаў. Менавіта зь ягонай ініцыятывы стаіць у горадзе помнік – танк «ІС-3» у гонар найбуйнейшай танкавай бітвы пачатку вайны.

«У гонар 75-годзьдзя плянуем мэмарыяльную стэлу паставіць», – распавядае Алег і скардзіцца, што мясцовыя ўлады надта іхнай актыўнасьці не спрыяюць.

«На наступны год мы плянуем на ўсіх уязных дарогах у Сянно паставіць памятныя знакі, каб паказаць, што гэта горад баявой славы і што тут праходзілі самыя буйныя бітвы за ўсю гісторыю Другой сусьветнай вайны, – кажа Алег. – Я Сянно праслаўлю. Ні да кога столькі людзей не прыяжджае, як на „Мотаўдар“. З Польшчы, з Прыбалтыкі, з Украіны, з Расеі – адусюль. Яны ад’яжджаюць і ведаюць штосьці пра Сянно. Але для гэтага трэба нешта зрабіць!»

Наступнае, што зьбіраюцца зрабіць «Начныя ваўкі», – правесьці ў Сяньне спаборніцтвы па «русскому жиму» разам са школай грэка-рымскай барацьбы, якую яны падтрымліваюць, і вайскова-патрыятычным клюбам «Спарта». Да кіраўніка якога, маёра ў адстаўцы Алега Валянцінавіча Шумкова, мы едзем назад у Сянно.

Прывітаньне, Гіві. Прывітаньне, Матарола

Заняткі клюбу «Спарта» праходзяць у дзіцячым садку. Спартовая заля, дзе хлопцы займаюцца дзюдо. У суседнім пакоі разьвешаныя граматы і пахвальныя лісты.

«Усё на спонсарскай дапамозе, дзяржава мне тут амаль не дапамагала, – распавядае Алег Валянцінавіч. – Я былы маёр Савецкага Саюзу. КМС па дзюдо і майстар спорту па вышэйшым пілятажы... Лётчык я... Займаюся зь дзецьмі ўжо з 98-га году».

Гэтыя пакойчыкі мы ўжо бачылі на відэа, выпадкова знойдзеным на Youtube. Там яшчэ мужчынскі голас кажа, што гэтыя дзеці будуць зьбіраць для «цудоўнай Наваросіі» гуманітарную дапамогу, зробяць для яе ўсё, што змогуць, і яшчэ вітаньні Гіві і Матароле, якія «мочаць украў як трэба».

Адмаўляцца ад відэа Алег Валянцінавіч па-афіцэрску ня стаў. Відэа здымаў, гуманітарную дапамогу зьбіраў, сам адвёз яе ў Смаленск. Хоць відэа даўняе, але ні пра што не шкадуе і поглядаў сваіх не зьмяніў.

«І дзеці зьбіралі гуманітарную дапамогу, і я сам хадзіў, і людзі давалі, – распавядае ён. – Сабраў паўтоны недзе. І мэдыкамэнты, і рэчы. Мне мясцовыя ўлады забаранілі туды везьці. Тут „хахлы“ прыехалі... Мяне ў райвыканкам выклікалі і сказалі: „Раздай тут тым, хто прыехаў“. Я кажу: ні хр..., мае сябры ў Смаленску чакаюць. Я туды і завёз».

«Спарту» Шумкоў заснаваў у 1998 годзе, калі выйшаў у адстаўку. Сам ён беларус са Смаленску. Служыў у Расеі. Сябраваў з генэралам Валерам Фраловым (былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, давераная асоба Андрэя Саньнікава на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году – рэд.). «Памёр мой сябар, няма болей», – кажа ён.

У клюбе хлопцы і дзяўчаты, па словах Шумкова, займаюцца дзюдо, страявой, агнявой падрыхтоўкай. На 9 траўня выхаванцы «Спарты» стаяць у кругласуткавай вахце каля сеньненскіх помнікаў, а на вакацыях «Спарта» ладзіць вайскова-патрыятычныя летнікі.

Клюб рэгулярна ўдзельнічае ў профільных рэспубліканскіх мерапрыемствах, кшталту «Зарніцы». Алег Валянцінавіч паказвае фотаздымак сваёй выхаванкі Каці Мяцеліцы, якая на адкрыцьці алімпіяды ў Сочы несла алімпійскі агонь.

«Я так разумею, калі ёсьць зямля, то трэба абараняць, – адказвае Алег Валянцінавіч на пытаньне, што такое вайскова-патрыятычны клюб. – Мяне іншаму не вучылі. Я франтавы бамбардзіроўшчык. Вось гэтыя „СУ-24“, якія ў Сырыі нас мочаць зараз, гэта мой самалёт».

Да ўкраінскага пытаньня ў размове з намі ён пераходзіць сам. Пад гукі хлапечай трэніроўкі распавядае, як шмат пагрозаў вакол.

«У мяне камандзір зьвяна Скіба, які мяне навучыў лётчыкам быць, ён ад мяне адмовіўся, – распавядае Шумкоў. – Сказаў, што я „маскаль“, што я ніхто. Такі выпадак. Не ад мяне асабіста (адмовіўся – рэд.), але ад сяброў».

У тым, што ва Ўкраіне да ўлады прыйшлі «фашысты», Алег Валянцінавіч не сумняецца. Маўляў, яшчэ з савецкіх часоў ведае гэтых «заходнікаў».

«Вы ведаеце, хто першымі сышлі з авіяцыі? Хахлы сышлі! Паабяцалі ім, што там будзе вялікая краіна. З палкоў першымі пабеглі, як мы іх называлі, чу.. ну, нярускія, азэрбайджанцы ўсе гэтыя. Я зампалітам палка быў. Я ведаю, пра што кажу. Дзяцей сваіх забіралі. Саюдзіс ужо быў...» – згадвае ён.

Лінія расколу ў сьвеце для былога савецкага зампаліта праходзіць паміж «нашымі» і «амэрыканцамі», «ашчэр» якіх ён памятае яшчэ з вайны ў Віетнаме. Ён згадвае ўпадабаны расейскай прапагандай эпізод пра тое, як Вікторыя Нуланд раздавала піражкі на Майдане, і кажа, што Пяскоў (Дзьмітры Пяскоў – прэс-сакратар Уладзімера Пуціна – рэд.) так бы не зрабіў.

«Амэрыканцы чамусьці могуць! А там, дзе амэрыканцы – ясна, што гэта іхныя інтарэсы. Я, напрыклад, чалавек вайсковы, дзяржаўны, разумею, што гэта іхныя інтарэсы. А іхныя інтарэсы па-любому закранаюць нашы... Чаго яны (амэрыканцы – рэд.) сюды лезуць, я не разумею? Што яны ў Эўропе робяць?» – абураецца маёр Шумкоў.

Алег Валянцінавіч перакананы, што расейскіх войскаў на Данбасе няма, а вось амэрыканскія інструктары ёсьць, што амэрыканцам «не абламіўся» Крым – гэты «непатапляльны авіяносец у Чорным моры». Тут я пытаюся, ці не шкадуе ён цяпер, што зьвяртаўся да ваенных злачынцаў Гіві і Матаролы.

«Вось калі суды іх засудзяць і скажуць, што яны ваенныя злачынцы, тады я паверу. Яны за сваю Радзіму! Я ня маю такіх дадзеных, што яны катуюць, забіваюць», – пярэчыць Шумкоў, а на мае словы пра тое, што ў інтэрнэце хапае відэадоказаў зьдзекаў з палонных, кажа, што «інтэрнэт – гэта сьметнік, і яго трэба закрыць».

У тое ж, што зь Беларусьсю можа здарыцца нешта падобнае, як з Украінай, маёр Шумкоў ня верыць. Бо «Лукашэнка – добры дыплямат».

«Навошта Расеі на нас нападаць? Мы ж сябруем, як мы можам нападаць адзін на аднаго? Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ня будзе вайны... Калі нам не перашкодзяць „амэрыканскія сябры“», – кажа Алег Валянцінавіч.

– А навошта гэта амэрыканцам?

– Ім трэба рабы. Чым больш людзей на іх працуе, тым ім лепш, – кажа Шумкоў. – У іх доўг трыста мільярдаў. А ў Беларусі ўсё нармальна. Нехрэн тут амэрыканцам рабіць, гэта адназначна. Спакойна, дзеці гуляюць. А зараз бы на нашу гару паставілі 75-мілімэтровую батарэю і бамбілі б...

– Хто б паставіў? Амэрыканцы?

– Ды якая розьніца! Сэнс у тым, што вайна нах... ня трэба.

«Ня трэба разважаць і думаць. Як толькі вы пабачыце бруд, кроў, г... гэтае, вось тады вы зразумееце. Вы перастанеце слухаць, піць, спаць ня будзе дзе, тады сьвет зусім іншы», – кажа Алег Валянцінавіч.

Маёр Шумкоў зусім не выглядае на чалавека злога ці агрэсіўнага. Калі сканчаецца трэніроўка, і мы зьбіраемся сыходзіць, запрашае прыехаць летам, паглядзець на лягер. Я пытаюся, куды пасьля ідуць ягоныя выхаванцы. Ён адказвае, што шмат хто паступае ў вайсковыя ўстановы. Яшчэ шмат хто «ідзе ў мянтоўку».

Паставім помнік Сеню Сеньненскаму, адновім касьцёл

І «Начныя ваўкі», і клюб «Спарта» шчыльна працуюць зь мясцовай адміністрацыяй. Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Сяргей Мяцеліца кіраўнікоў абодвух клюбаў добра ведае. Ведае і пра тое, што Алег Валянцінавіч зьбіраў гуманітарную дапамогу на Данбас, але, кажа, толькі са сваёй ініцыятывы. «У палітыку, – кажа Мяцеліца, – яны ня лезуць». Ніякай ідэалягічнай небясьпекі ад іх не чакаюць.

«У нас проста клюб байкераў. Чалавек пятнаццаць сеньненскіх. Мы працуем зь імі. Гэта хлопцы, якія любяць матацыклы, займаюцца тэхнікай. У палітыку яны ня лезуць. Увечары могуць па горадзе панасіцца, пакуль іх міліцыя не супакоіць», – тлумачыць Мяцеліца.

Ён жа распавядае, як горад зьбіраецца ўшанаваць сваю больш як пяцісотгадовую гісторыю.

«Замаўляем помнік Сеню Сеньненскаму. Гэта такі герой, які выступае на раённых мерапрыемствах. І возім яго на „Славянскі базар“. Таксама Караткевіч пісаў пра Сеньненскае возера, пра яго міты, і адзін з такіх мітаў і герояў – гэта цмок на Сеньненскім возеры. Яму таксама замаўляем помнік, – кажа Мяцеліца. – У 2015 годзе мы ўсталявалі помнік у гонар нашай зямлячкі Матроны Маркевіч (яе вышыўка ляжыць у аснове арнамэнту дзяржаўнага сьцягу – рэд.)».

«Калісьці на месцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе займаецца „Спарта“, была высокая замкавая гара, такая ж па вышыні, як касьцельная, – распавядае ўраджэнец Сянна, а цяпер пасьпяховы віцебскі бізнэсмэн Віталь Броўка. – На замкавай гары стаяў шыкоўны замак, які ў розныя часы належаў і Сапегам, і Пацам».

«Многія сеньненцы, – працягвае Віталь, – ганарацца і тым, што ў Сяньне быў шыкоўны касьцёл Сьвятой Тройцы, і шкадуюць, што ён быў зьнішчаны ў 60-я. Дасюль усё Сянно называе гэтую гару „Касьцёлкай“. Зь нядаўняга часу там зьявілася капліца і ідуць размовы пра аднаўленьне касьцёла. Хоць абсалютная большасьць – „праваслаўныя атэісты“, і касьцёл успрымаюць хутчэй як архітэктурна-культурную рэліквію».

Віталь Броўка пераконвае нас, што істотна ягоны родны горад нічым не адрозьніваецца ад іншых мястэчак Віцебшчыны, і цяжка падазраваць у ім нейкую надзвычайную канцэнтрацыю «русского мира».

«Як ва ўсіх беларускіх гарадох, ёсьць пэўны вакуўм, – кажа Віталь. – Людзям, якім трэба больш, чым праца-бутэлька-ежа, ім няма куды пайсьці і чым захапіцца. Таму, вядома, калі казаць пра публічную прастору, то і фэстываль „Прарыў“ (цяпер „Мотаўдар“ – рэд.), і байкеры, якія відовішчна праяжджаюць па вуліцах, і клюб „Спарта“ – навідавоку, яны заўважныя. Але я не сказаў бы пра надзвычайную ідэалягічную іхную ролю».

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода