Апрача Пастнова, у ліку сямі намінаваных асобаў Уладзіслаў Блін — першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касьцёлу, які сёлета сышоў з гэтай пасады па стане здароўя; архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры (Мікалай Драздоў) – ініцыятар пабудовы ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору ў яго першапачатковым выглядзе; Уладзімер Конараў, які на пабудаванай уласнымі рукамі яхце “Вірго-2” праплыў Дзьвіной і Балтыйскім морам з паўночнай сталіцы Беларусі ў паўночную сталіцу Расеі, пабываўшы пры гэтым у шэрагу партоў Прыбалтыкі і Скандынавіі; Юры Поклад, трэнер віцебскай каманды па міні-футболе “Вітэн”, якая стала чэмпіёнам Беларусі і выйшла ў Лігу чэмпіёнаў; Уладзімер Пяшкун, названы на сайце “чарговым “сынам лейтэнанта Шмідта”, які выступіў на афіцыйным гарадзкім мерапрыемстве ў Віцебску пад выглядам Героя Расеі і генэрал-маёра марской пяхоты, хаця ня меў ні такога званьня, ні такой узнагароды; Вераніка Рыдкіна, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, якая летась перамагла ў конкурсе “Міс Віцебск-2013”.
Доктар Ігар Пастноў намінуецца на званьне “Чалавек году Віцебску” ўжо другі год запар. Ён прадстаўлены чытачам сайту як “віцебскі ўрач, які пасьлядоўна падвяргае крытыцы дзейнасьць мясцовых уладаў”. Сёлета пасьля аднаго з крытычных выступаў спадара Пастнова прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню. Праваабаронцы заявілі пра парушэньні правоў Пастнова на абарону ў судзе і незалежны судовы разгляд. Бо суд Віцебскага раёну паводле звароту былых калег-урачоў санкцыянаваў прымусовае лячэньне для Ігара Пастнова ў ягоную адсутнасьць на працэсе, не даўшы яму бараніцца ні самому, ні з дапамогай адваката, якога дапусьцілі ў шпіталь толькі празь некалькі дзён пасьля суду.