Чацвер, 03 Кастрычнік 2013

За скаргу ў Мінздраў актывіст ледзь ня трапіў у вар’ятню

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Кірылаў Аляксандар Кірылаў

Віцебскі сябра незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Аляксандар Кірылаў праходзіў курс лячэньня ў Рэспубліканскім шпіталі спэлеалячэньня ў Салігорску. Адтуль ён патэлефанаваў на «гарачую лінію» ў Міністэрства аховы здароўя і паскардзіўся на факты п’янак у клініцы, парушэньне правілаў унутранага распарадку, неаказаньне хворым на бясплатнай аснове мэдычных паслуг. Актывіста выслухалі і параілі вырашыць ўсе пытаньні на месцы. Неўзабаве ж пасьля таго, як ён паспрабаваў зрабіць гэта, яму прыйшлося кінуць свае манаткі ў шпіталі і ўцякаць на перакладных дадому ў Віцебск.

Спроба вырашыць праблему «на месцы» распачалася досыць міралюбна. Аляксандра Кірылава прыняў у сваім габінэце галоўурач мэдычнай установы Павал Леўчанка. Ён добразычліва прапанаваў незадаволенаму ўмовамі лячэньня пацыенту прайсьці ў палату і на пісьме выкласьці свае прэтэнзіі, пазначыць факты, даты і прозьвішчы, а таксама даць на подпіс дакумэнт іншым хворым, бо актывіст сьцьвярджаў, што ён не адзін не задаволены ўмовамі ў шпіталі. Аляксандар Кірылаў выйшаў з габінэту і накіраваўся ў палату. Сеўшы за напісаньне калектыўнай заявы, ён не адразу заўважыў, як у палаце зьявіўся міліцыянт…

Маёр міліцыі А.М. Лявончык, які суправаджаўся дзьвюма мэдсёстрамі, пачаў папракаць пацыента, навошта ён скардзіцца ў Міністэрства аховы здароўя, і запатрабаваў тлумачэньняў. Абураны хворы адмовіўся адказваць на пытаньні і паспрабаваў «прарвацца» ў габінэт галоўнага ўрача. Міліцыянт яго не пусьціў, завязалася бойка. Паводле словаў Аляксандра Кірылава, у выніку яму былі нанесеныя траўмы.

Пэрсанал шпіталя выклікаў «хуткую». Лекар Яварчук, якая прыехала на чале брыгады, паспрабавала ўкалоць «буяну» заспакойлівае, але той супраціўляўся. На дапамогу падасьпелі галоўурач і яго намесьнік Натальля Дубовік, якія запатрабавалі псыхіятрычнага агляду Кірылава. Яму заламалі рукі, запхнулі ў машыну і даставілі ў псыханэўралягічны дыспансэр.

Там, у прысутнасьці маёра Лявончыка і групы з чатырох апэратыўных супрацоўнікаў АУС Салігорску быў праведзены агляд. У рэшце рэшт, было заяўлена, што Аляксандар Кірылаў здаровы, і падставаў для яго зьмяшчэньня ў псыхіятрычны дыспансэр няма. «Пакуль няма», – папярэдзілі яго.

Баючыся, што на гэтым справа ня скончыцца, Кірылаў вырашыў уцякаць, пакінуўшы ў шпіталі ў Салігорску свае асабістыя рэчы. На перакладных удалося дабрацца да Віцебску. Па прыезьдзе, у 2 гадзіны ночы пешшу пайшоў у гарадзкі траўмапункт, каб зьняць пабоі. Але калі вярнуўся ў свой пакой у інтэрнаце, адпачыць ня змог – неўзабаве да яго завіталі прадстаўнікі сьледчага камітэту Чыгуначнага раёну Віцебску…

На раніцы пасьля бяссоннай ночы Аляксандар Кірылаў зьвярнуўся ў пракуратуру Віцебску з заявай аб зьдзяйсьненьні супраць яго злачынстваў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам. Таксама, як паведаміў аднапартыец Кірылава сустаршыня незарэгістраванай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь» Сяргей Рыжоў, былі накіраваныя звароты ў «Міжнародную амністыю» і ў Незалежную псыхіятрычную асацыяцыю Расеі з заклікам правесьці незалежнае расьсьледаваньне сытуацыі вакол Кірылава і нядаўна вызваленага ад прымусовага лячэньня ў Віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі доктара Ігара Пастнова.