Зыходзячы з паказаньняў прыбору групавога ўліку вады, усталяванага ў ягоным дзевяціпавярховіку, Уладзімер Кірычэнка разьлічыў аб’ём нагрэтай вады, яе пачатковую тэмпэратуру і прыйшоў да высновы: каб нагрэць 1 кубамэтар вады ад тэмпэратуры 41,75oC (пачатковая тэмпэратура) да 51,15oC (канчатковая) трэба затраціць усяго 0,0094 Гкал.
Між тым, ЖРЭТ за мінулы верасень выставіў у жыроўках велічыню, якая больш чымся ў 7 разоў перавышае гэтую колькасьць (0,0704 Гкал/кубамэтар). Такім чынам, на думку Кірычэнкі, Першамайскі ЖРЭТ нанёс яму як спажыўцу матэрыяльную шкоду ў памеры каля 37 тыс. рублёў.
У судзе Першамайскага раёну Віцебску (справу разглядала судзьдзя Вольга Іванова) Уладзімер Кірычэнка прасіў спагнаць з адказчыка суму матэрыяльнай шкоды, а таксама - 150 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды. Велізарную суму кампэнсацыі ён абгрунтаваў тым, што неўзабаве споўніцца 9 гадоў, як ён даказвае ў судох і паходах па інстанцыях сваю рацыю. Гэтыя хаджэньні і суды выліліся ў інсульт. Але да яго не прыслухоўваюцца, нічога як сьлед не тлумачаць і папросту выганяюць з габінэтаў, як гэта здарылася падчас візыту да памочніка прэзыдэнта Мікалая Дамашкевіча.
Уладзімер Кірычэнка папрасіў суд не разглядаць грамадзянскую справу ў адсутнасьць прадстаўніка адказчыка, які на паседжаньне 12 сьнежня не зьявіўся. Але судзьдзя Іванова просьбу адхіліла, спаслаўшыся на тое, што з ЖРЭТу паступілі ўсе неабходныя дакумэнты.
«Я выдатна вывучыў і ведаю, на што яны спасылаюцца, але я хацеў бы спытаць чалавека, а не паперу», - растлумачыў Кірычэнка. Дарэчы, не зьявіўся на судовае паседжаньне і заппрошаны экспэрт - загадчык катэдры ВДТУ Валер Альшанскі. Паводле словаў пазоўніка, раней ён ужо даваў тлумачэньні ў судзе, але «вёрз такое, што за навукоўца было сорамна».
У выніку судовыя спрэчкі ператварыліся ў абсурдны дыялёг «маленькага чалавека» з паперамі з высокіх габінэтаў Жылкамгасу. Падводзячы вынікі «спрэчак» пры канцы паседжаньня, Уладзімер Кірычэнка адзначыў, што «адказчык не падаў мэтодыкі - прыводзіць толькі пустыя словы»: «Разьлікі, якія прыводзіць адказчык, нічым не абгрунтаваныя і не пацьверджаныя мэтодыкамі, гэта толькі тлумачэньні нейкіх незразумелых адмыслоўцаў, якія забыліся ўжо нават на табліцу множаньня…»
«Ёсьць парушэньні. Ёсьць падман! У грандыёзных памерах. Гэта ж ня толькі мяне падманваюць, а ўсю краіну, у тым ліку і Вас, паважаная судзьдзя», - пераконваў пазоўнік. Судзьдзя Вольга Іванова не пачула аргумэнтаў Уладзімера Кірычэнкі і адхіліла ягоныя патрабаваньні ў поўным аб’ёме. У размове з карэспандэнтам , Уладзімер Кірычэнка запэўніў, што на 100% упэўнены ў сваёй правасьці і таму, нягледзячы ні на што, будзе змагацца далей: «Хто брэша? Я? Работнікі ЖКГ? Калі яны - значыць, іх трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці».