Намесьнік начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня Міхаіл Алёшкін паведаміў, што расьсьледаваньне спыненае на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК РБ («за адсутнасьцю ў дзеі складу злачынства»). Між тым, сваякі пацярпелых абураныя такім рашэньнем і лічаць, што справу проста замялі.
«Да гэтага, у прыватнай гутарцы, сьледчы Генпракуратуры (цяпер сьледчы СК) Мікалай Шылаў прызнаўся мне, што знайшоў у Першамайскім РАУС Віцебску сапраўдную камэру катаваньняў - з наборам шрубнікаў, процівагазаў і кайданкоў, і што вінаватыя абавязкова будуць пакараныя. Але ў выніку ўсё вінаватыя чамусьці пайшлі на павышэньне», - распавёў бацька аднаго з пацярпелых Хачатур Хачатуран.
Ягоны сын Аляксандр Логінаў разам зь сябрамі быў затрыманы летам 2009 году ў якасьці падазраванага па справе аб жорсткім забойстве, учыненым за Віцебскім абласным шпіталем. Віцебскія гімназісты правялі за кратамі паўтара года, пакуль пры канцы лістапада 2010 году Магілёўскі абласны суд іх не апраўдаў (пракурор прасіла 14 гадоў).
Менавіта на судзе ў Магілёве абвінавачаныя распавялі, якім чынам у іх здабывалі паказаньні ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску. Каб выбіць у непаўнагадовых яўку з павіннай, сьледчыя ўсоўвалі ў рот пісталет, катавалі з дапамогай шрубнікаў і процівагазаў, пагражалі апусьціць уніз галавой у Дзьвіну і г.д. Усё гэта суправаджалася зьбіцьцём. Пра прысутнасьць на допытах адваката ці законнага прадстаўніка непаўнагадовых гаворкі нават не вялося…
У склад групы ўваходзілі опэрупаўнаважаныя аддзяленьня крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Першамайскага РАУС Віцебску Г.Д. Цітоў (старшы), А.М. Шылін, А.М. Карчэўскі, Г.В. Лавіцкі, а таксама опэрупаўнаважаныя ўпраўленьня крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкаму А.А. Петэрсан, І.А. Гілько, В.В. Шашкін, С.В. Болдышаў і опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУУР КМ МУС Рэспублікі Беларусь А.П. Грэкаў. Кіраўніком сьледчай групы быў нейкі час Юры Шчацько, цяпер намесьнік начальніка Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.
Паводле словаў сваякоў хлапчукоў, расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце катаваньняў абярнулася для іх новымі пакутамі - даводзілася ўспамінаць перажытае і «сустракацца з падонкамі на вочных стаўках». Праўда, вочныя стаўкі былі праведзеныя ўжо пры канцы сьледзтва - праз тры зь лішнім гады пасьля таго, што адбылося. Шмат якія асобы і дэталі былі проста забытыя. Адвакатаў на вочныя стаўкі не дапусьцілі.
Пацярпелы Аляксандар Логінаў прызнаўся, што ўсё гэта выглядала як фармальнасьць. Да таго ж, на вочнай стаўцы прысутнічалі зусім ня ўсе датычныя да катаваньняў супрацоўнікі міліцыі. Цікава, што пацярпелыя праходзілі па справе аб катаваньнях у якасьці сьведак. «Уявіце сабе, яны праходзілі як сьведкі таго, што іх зьбівалі…» - абураецца законная прадстаўніца яшчэ аднаго пацярпелага Сьвятлана Альшэўская.
Паводле ейных словаў, на самым пачатку сьледчы Мікалай Шылаў назваў гэтае расьсьледаваньне «рэзананснай справай рэспубліканскага значэньня»: «Ён прымусіў нас і нашых дзяцей паўтара года перажываць гэты кашмар зноўку. А ў выніку - пшык… Спыненьне расьсьледаваньня - гэта спроба абараніць запэцканы мундзір. Прычым запэцканы ня толькі брудам, але і крывёю. А значыць, бязьмежжа будзе доўжыцца ў нашай краіне і далей».
«І ніхто не папрасіў прабачэньня перад дзецьмі, перад бацькамі, перад школай, якая адчула такі ціск, што завучу па выхаваўчай працы прыйшлося нават звольніцца. Настаўнікаў змушалі перапісваць характарыстыкі. Ніхто не папрасіў прабачэньня! Ды пачакайце: нарабілі бяды, пратрымалі дзяцей за кратамі 17 месяцаў - трэба адказваць. Не, яны героі сёньня… Гэта сорамна і крыўдна» - абураны Хачатур Хачатуран.
Аляксандар Логінаў, які вытрымаў катаваньні і не прызнаў віны, зараз служыць у арміі. «15 сьнежня ён будзе прымаць прысягу на вернасьць Радзіме і дзяржаве. Дык вось, гэта дзяржава апусьціла яго ніжэй за ліштву, зрабіла амаль інвалідам. У яго сёньня праблемы са сьпінай і хрыбетнікам, у яго праблемы з пастаяннымі галаўнымі болямі. Так, у войска ўзялі, але ў нас усіх сёньня туды бяруць. Ён і там сябе годна трымае», - распавёў бацька пацярпелага.
Маці Аляксандра Напаюка, які таксама правёў за кратамі паўтара года, кажа, што сын дагэтуль прачынаецца па начох зь дзікімі крыкамі: «Ня трэба!»
Паказаньні па справе аб прымяненьні супрацоўнікамі крымінальнага вышуку незаконных мэтадаў расьсьледаваньня давалі таксама Арцём Аўчароў, Уладзімер Рысеў, Дзяніс Касякін, Арцём Мароз, якія праходзілі ў 2009 годзе як падазраваныя (пазьней - у статусе сьведак) у забойстве.
Даведка. Зьверскае забойства за Віцебскім абласным шпіталем (больш за 60 колата-рэзаных ран) было зьдзейсьненае 14 чэрвеня 2009 году. Праз два тыдні па падазрэньні ў забойстве былі затрыманыя віцебскія падлеткі А. Логінаў, А. Напаюк, А. Аўчароў. Абвінавачваньне было прад’яўленае Логінаву і Напаюку. 29 лістапада 2010 г. (праз 17 месяцаў пасьля затрыманьня) непаўнагадовыя былі прызнаныя невінаватымі Магілёўскім абласным судом і вызваленыя з-пад варты ў залі суду.