Вольга Гайдукова: «Нармальна сябе адчувае. Нармальна выглядае… Туды яго перавезьлі ў нейкай спэцыяльнай машыне, а не цягніком, ці як іх там возяць».
Адвакат пабачыла свайго падабароннага ўпершыню за тыдзень. Затрымка была выкліканая пераводам Андрэя Гайдукова зь менскай «амэрыканкі». Паводле слоў адваката, умовы ўтрыманьня ў Віцебску значна лепшыя – хлопец нават зьбіраецца вярнуць бацькам перададзеныя яму раней ў СІЗА КДБ цёплыя рэчы. Маці Андрэя таксама кажа, што сын прасіў перадаць яму газэты — «Белгазэту», «Народную волю» і «Новы час».
3 сьнежня адбыўся судовы разгляд скаргі Андрэя Гайдукова наконт зьмены меры стрыманьня. Ён прасіў, каб яго выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Але сьледчы палічыў гэта немэтазгодным, гаворыць Вольга Гайдукова:
«Андрэй застаецца ў Віцебскім СІЗА №2, яго не адпускаюць. Імаверна, ня хочуць, каб ён сустрэўся зь сябрамі і нешта распавёў пра акалічнасьці справы. Таксама я спыталася, ці не зьмяніўся артыкул, паводле якога яго вінавацяць. Бо адразу мне казалі, што Андрэя зьмясьцілі ў менскі СІЗА КДБ, бо ў Віцебску няма ўстановы, каб трымаць такіх падазраваных. Цяпер, як аказалася, можна трымаць і ў Віцебску. Але артыкул застаецца ранейшы. Іншых падрабязнасьцяў адвакат ня кажа, бо ёсьць падпіска аб неразгалошваньні».
4 сьнежня Вольга Гайдукова пойдзе да сьледчага Алега Барысевіча, які вядзе справу сына: «Я сама яму патэлефанавала і папрасіла пра сустрэчу. Ён пагадзіўся, сказаў: “Прыяжджайце на допыт”. Так што гэта будзе не зусім сустрэча, мяне заадно і дапытаюць».
Родныя не атрымалі ад Андрэя ніводнага ліста. Аднак ліст яшчэ зь менскага СІЗА КДБ атрымала сяброўка Андрэя. Пра гэта паведаміў лідэр наваполацкага незарэгістраванага «Саюзу маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў, чыім намесмнікам і сябрам зьяўляецца Андрэй Гайдукоў: «Андрэй даслаў ліст сваёй дзяўчыне, Сьвятлане. Ліст прыйшло ў пятніцу, 30 лістапада. Адпраўлены ён было, мяркуючы па некаторых намёках у тэксце, яшчэ да 17 лістапада».
«Андрэй піша, што: “…выпадкова апынуўся ў хвалі падзеяў, якія, імаверна, закранаюць шырокія інтарэсы краіны, грамадзтва, палітыкі…”, - цытуе словы сябра Яўген Канстанцінаў. - “У мяне ўсё нармальна. Тэарэтычна мяне ўжо можна адпускаць пад падпіску да суду, і па той жа тэорыі можна трымаць у СІЗА да Новага году”».
У пасланьні Андрэй просіць не спыняць спробы зарэгістраваць “Саюз маладых інтэлектуалаў». «Піша, што ў яго зьявілася шмат новых ідэяў. Хвалюецца, што можа не пасьпець выйсьці на волю да пачатку сэсіі, бо ня хоча праблем з вучобай, - адзначыў Канстанцінаў. - Таксама піша, што атрымаў чаканую пасылку ад мамы. Просіць патэлефанаваць ёй і паведаміць, што зь ім усё ў парадку».
Апроч таго, у сваім лісьце малады чалавек піша пра прычыны свайго затрыманьня: «Два абзацы аказаліся замазаныя цэнзурай. Наколькі можна зразумець, менавіта там апісана, з-за чаго Андрэй апынуўся ў няволі. Мы крыху разабралі тэкст ў другім абзацы. Там напісана: “За гэта я і быў затрыманы”. Гаворка там ідзе, наколькі можна разабраць словы ў першай зарэтушаванай частцы, пра рэгістрацыю нашай арганізацыі».
Паводле “Салідарнасьці”, Радыё Свабода, Эўрарадыё