Чацвер, 11 Кастрычнік 2012

У Віцебску прэзэнтавалі Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору (дададзена відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
У Віцебску прэзэнтавалі Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору (дададзена відэа) Фота: Народныя Навіны Віцебска

Прэзэнтацыя адбылася 11 кастрычніка. Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору – першае зьвяно ў новым праекце кампаніі «Гавары праўду», заявілі ініцыятары адкрыцьця офісу. Усяго ў Беларусі будзе адкрыта 18 гэткіх офісаў. Яны будуць працаваць у тых рэгіёнах, дзе кампаніяй «Гавары праўду» былі падтрыманыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 5-га скліканьня. Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору ў Віцебску пакуль што складаецца з трох удзельнікаў электаральнай кампаніі – Лідзіі Сагідулінай, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Мікуліна.

 

Больш падрабязна пра мэты і задачы Офісу распавёў на прэзэнтацыі адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк. Ён паведаміў, што Офісы дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору маюць амбіцыйныя пляны: «Паколькі прызначаныя дэпутаты на ўсіх узроўнях не працуюць, мы ў гэтых умовах хочам, каб Офіс стаў альтэрнатыўным цэнтрам – месцам, куды людзі маглі б прыходзіць са сваімі праблемамі ды ідэямі. Таму што выбаршчык, як правіла, ня ходзіць у мясцовы Савет да свайго дэпутата, бо ня бачыць у ім цэнтар улады. А тут будзе назапашвацца інфармацыя, аказвацца юрыдычная дапамога, тут жа будуць вызначацца актуальныя тэмы для грамадзка значных акцыяў кампаніі «Гавары праўду».

Паводле словаў Вазьняка, Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору – гэта ня сьцены і квадратныя мэтры, а найперш – канкрэтная праца з канкрэтнымі людзьмі. «Ідэальна, калі будуць квадратныя мэтры і сьцены, і мы будзем вырашаць пытаньне, каб такі офіс, у прыватнасці, у Віцебску, быў. Але нават калі ўлада створыць перашкоды ў гэтым, то ён усё роўна будзе існаваць – у якасці візытовак з кантактамі, каб чалавек мог патэлефанаваць і сустрэцца», – запэўніў журналістаў Сяргей Вазьняк.

На прэзэнтацыі ён казаў пра Офіс як пра вуліцу з двухбаковым рухам. Грамадзянскі Дагавор будзе заключацца толькі з тымі людзьмі, хто прыйдзе ня проста скардзіцца на ўладу, але сам будзе гатовы ўдзельнічаць у вырашэньні праблемы. «Мэтавая аўдыторыя Офісу – гэта новая большасьць Беларусі», – заявіў Вазьняк, удакладніўшы, што адносіць да яе грамадзян, незадаволеных і ўладай, і апазыцыяй. Амбітнасьць задач Офісаў складаецца і ў тым, што на мясцовых выбарах вясной 2014 актывісты плянуюць выставіць на аснове Грамадзянскага Дагавору да тысячы кандыдатаў у дэпутаты. «У Віцебскія гарадзкі і абласны Саветы – па некалькі дзясяткаў чалавек», – удакладніў Вазьняк.

“Мы ўжо працуем. Палітычнае жыцьцё пасьля 23 верасьня ня скончылася, як бы хто ні ставіўся да той выбарчай кампаніі і хто б якую тактыку ні ўжываў. Наша задача – падтрымліваць палітычны градус, які, як правіла, у нас у краіне падае вельмі нізка пасьля кожнай выбарчай кампаніі. Таму што Лукашэнка зрабіў вельмі вялікае зло для нашай краіны: людзей адлучылі ад палітыкі. Чалавек сышоў у сябе. Праявіць актыўнасьць, праявіць сябе як сацыяльны суб’ект – мы гатовы ў гэтым дапамагчы», – сказаў на заканчэньне Сяргей Вазьняк, паабяцаўшы, што актывісты Офісу зробяць усё, каб «гэтыя вось прызначаныя дэпутаты яшчэ пашкадавалі аб тым, што іх прызначылі».

Лідзія Сагідуліна, у сваю чаргу, паабяцала, што віцебскі Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору прымусіць чыноўнікаў працаваць і ня дасьць ім спаць. «Гэта асноўны пасыл нашага офісу», – падкрэсьліла яна. І паведаміла, што падобныя офісы ў вобласьці адкрыюцца таксама ў Полацку, Воршы і Глыбокім: «Мы прымусім прызначаных дэпутатаў ажыцьцяўляць публічныя справаздачы. Мы распавядзем нашым грамадзянам пра іх жа правы. Пра тое, што яны маюць права прыйсьці на паседжаньне мясцовага саветк, гар- і аблвыканкаму і г.д. Уся наша праца накіраваная на тое, што, калі будзе арганізаваная нацыянальная кампанія дэмакратычнымі сіламі, нам будзе да каго зьвярнуцца: мы спаць чыноўнікам не дамо», – сказала Лідзія Сагідуліна.

Сяргей Парсюкевіч параўнаў тое, чым займаецца Офіс, з рыцьцём ямы для падмурку нашага агульнага дому: «Мы стараемся вырашаць канкрэтныя праблемы канкрэтных людзей. І паркоўка на Церашковай, і пешаходны пераход на Смаленскай, прыкладаў шмат. І ў 80% выпадкаў праблемы гэтыя ўдавалася вырашыць. І людзі пачынаюць бачыць, што ў горадзе ёсьць сіла, якая прадстаўляе іх інтарэсы… Я апошні год і так працую амаль як дэпутат мясцовага Савету. Людзі зьвяртаюцца да мяне, а не да прызначаных дэпутатаў. Значыць, будзем і далей працаваць на падтрымку людзей, для таго, каб жыцьцё ў краіне і Віцебску стала лепшым. Каб гэтая яміна пад падмурак вырасла ў нармальны прыгожы будынак», – растлумачыў Парсюкевіч.

Аляксандр Мікулін прызнаўся, што ў гонар адкрыцьця офісу накіраваў адразу некалькі зваротаў у афіцыйныя ворганы. І патлумачыў, што Офіс, на яго погляд, павінен будзе сканцэнтравацца на працы па трох накірунках – з ЖЭСамі, уладамі і падманутымі дольшчыкамі. Удзельнікі прэзэнтацыі выказалі спадзеў, што віцебскі Офіс дэпутатаў Грамадзянскага Дагавору будзе пастаянна прырастаць новымі людзьмі.

Дыялёг