Алесь Шутаў далучыўся да грамадзкай дзейнасьці, калі яшчэ быў студэнтам хімфаку БДУ – тады ён увайшоў у склад БНФ «Адраджэньне». Прыканцы 90-х Алесь стаў адным з заснавальнікаў шэрагу моладзевых грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку аршанскага «Зьвязу», які і цяпер застаецца адзінай зарэгістраванай моладзевай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне і які зьяўляецца альтэрнатывай праўладным арганізацыям.
Далучыўся Алесь Шутаў і да стварэньня сайту Vorša.eu – менавіта ён дамаўляўся пра тэхнічную частку яго стварэньня. І доўгі час быў яго рэдактарам.
Алесь Шутаў актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці Аршаншчыны: шмат гадоў узначальваў Аршанскую арганізацыю БНФ і прадстаўляў рэгіён у Сойме партыі, апошнія гады зьяўляўся актывістам кампаніі «Гавары праўду».
На мінулым тыдні Алесь Шутаў зьвярнуўся да лекараў, якія дыягнаставалі ў яго пнэўманію, давялося легчы ў шпіталь. Лекаваньне ішло як сьлед, і яшчэ ў аўторак Алесь быў бадзёрым, жартаваў, размаўляў пра працяг працы, вырашаў бягучыя пытаньні і плянаваў дзейнасьць на найбліжэйшыя тыдні.
Аднак позьнім вечарам 4 кастрычніка родныя Алеся Шутава паведамілі пра яго сьмерць.
Паводле vicebskreg.by