Гэты майстар-кляс прызначаўся для тых трэнэраў і фасілітатараў, якія на сваіх навучальных мерапрыемствах (сэмінары, трэнінгі, вэбінары, лекцыі і гэтак далей) выкарыстоўваюць візуальныя сродкі для падачы інфармацыйнага матэрыялу. І асноўнай мэтай мерапрыемства было азнаёміць удзельнікаў з найбольш простымі і даступнымі мэтадамі падачы інфармацыі.
Майстар-кляс быў падзелены на дзьве часткі. У першай частцы разглядаліся прынцыпы візуалізацыі offline (у рэальным жыцьці), а ў другой – прынцыпы візуалізацыі online (у інтэрнэце).
Зь першай часткі ўдзельнікі маглі даведацца, як правільна данесьці інфармацыю да людзей праз плякаты і наглядную агітацыю ў выглядзе розных банэраў і малюнкаў. Разглядаліся канкрэтныя прыклады, зь якіх можна было зрабіць выснову, што для стварэньня плякатаў трэба ўжываць вялікія шрыфты і як мага больш спрашчаць падачу інфармацыі ды, наадварот, ня варта выкарыстоўваць каліграфічныя шрыфты і багата малюнкаў, бо гэта ўскладняе ўспрыманьне.
У другой частцы ўдзельнікі майстар-клясу даведаліся маленькія сакрэты па працы з дызайнэрскай праграмай Фоташоп, а таксама атрымалі інфармацыю пра карысныя інтэрнэт-рэсурсы для дызайнэраў-пачаткоўцаў, якія ня маюць вялікага досьведу працы са складанымі дызайнэрскімі праграмамі і рэсурсамі. Даведаліся пра асноўныя спосабы візуалізацыі дадзеных у інтэрнэце і навучыліся стварэньню інфаграфікі ў сацыяльных сетках.
Мерапрыемства, што адбылося, стала для многіх яго ўдзельнікаў вельмі карысным і зьмястоўным, бо раней яны не мелі вялікага досьведу ў працы з дызайнэрскімі праграмамі і ў стварэньні інфармацыйных плякатаў.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/2178-aktyvistau-vitsebsku-navuchali-vizualizatsyi#sigProIde0a3c20fef
Уладзімер Бяляўскі