Пастанову пра ператрус падпісаў пракурор раёну Белавусаў Ігар Вячаслававіч. У пастанове было напісана прыблізна наступнае: па вуліцы Камсамольскай у адным з банкаў была выяўленая 5-рублёвая фальшывая купюра, а таксама паступіла інфармацыя, што на Чырвонаармейскай, 13 маецца капіявальная тэхніка. Чамусьці сьледчыя правялі паміж гэтымі двума паведамленьнямі нейкую сувязь і вырашылі зладзіць ператрус ня тых капіявальных цэнтраў і прыватных друкарак, якія знаходзяцца бліжэй да вуліцы Камсамольскай, а рушылі менавіта на вуліцу Чырвонаармейскую.
Падчас ператрусу прысутных папрасілі пакінуць памяшканьне, але пры гэтым доўгі час не адпускалі дадому. У прыватнасьці, аршанская паэтка Яўгенія Казлова асобна зьвярнулася да міліцыянтаў з просьбай адпусьціць яе, спасылаючыся на стан здароўя. Міліцыянты яе не адпусьцілі, але сказалі, што выклічуць хуткую дапамогу, калі ёй раптам стане блага.
У выніку ператрусу ніякіх фальшывак, натуральна, знойдзена не было. Але ўся кампутарная і капіявальная тэхніка была канфіскаваная для правядзеньня экспэртызы. Забралі нават фарбу для друкаркі.
На цяперашні момант за памяшканьне, што належала мясцоваму актывісту Алесю Шутаву, які летась пайшоў з жыцьця, адказвае Ігар Казьмярчак, рэдактар orsha.eu, старшыня моладзевага грамадзкага аб'яднаньня "Зьвяз" і ўдзельнік Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл. За два дні да гэтага Ігара затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся з Польшчы з тыднёвай паездкі, і правялі асабісты дагляд, прычым тады мытнікі вусна патлумачылі, што "перашук – не іх ініцыятыва".
І той, і гэты перашукі актывіст зьвязвае з акцыяй пратэсту супраць дэкрэту № 3 пра дармаедзтва, які заплянаваны ў Воршы на 12 сакавіка. Гэты пратэст павінен стаць першай публічнай масавай акцыяй у горадзе за апошнія 16 гадоў.
Цяперашні ператрус – першы за апошнія 7 гадоў акт сур'ёзнага ціску на дэмакратычных актывістаў Воршы. Прычым і сем гадоў таму гэты ціск адбывалася ў выглядзе ператрусу ў Ігара Казьмерчака, але тады гэта была прыватная кватэра. Тады таксама быў "адпраўлены на экспэртызу" асабісты кампутар Ігара.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/2219-u-ofise-arshanskaj-kaalitsyi-demakratychnykh-sil-adbyusya-peratrus#sigProId6ee9012132