Пры гэтым міліцыя, якая яшчэ раніцай атрымала паведамленьне пра крадзеж, здолела прыехаць у Стаўры толькі пасьля 17:00.
Злодзеі паводзіліся, мякка кажучы, падазрона. З рэчаў ня ўзята нічога, акрамя некалькіх лыжачак, затое з сэйфу скрадзеныя ўсе дакумэнты актывіста. Міліцыя і экспэрты, якія прыбылі на месца здарэньня, адзначылі, што ніякіх адбіткаў пальцаў староньніх асоб на сядзібе ня выяўлена.
Выклікае вялікія падазрэньні час, калі ўсё здарылася - за некалькі гадзін да крадзяжу на аграсядзібе вядомага ў Аршанскім раёне чалавека прайшоў ператрус у офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл, у выніку якога былі канфіскаваныя на экспэртызу кампутары і друкаркі. Ніхто зь мясцовых актывістаў не сумняваецца ў палітычнай матываванасьці таго ператрусу, найхутчэй ён зьвязаны з маючым адбыцца 12 сакавіка ў Воршы “Маршам недармаедаў”.
Пасьля сьмерці Алеся Шутава ў кастрычніку 2016 году Ігар Грышанаў пачаў каардынаваць працу кампаніі “Гавары праўду” ў Аршанскім рэгіёне. 12 гадоў актывіст быў старэйшынам роднай вёскі Стаўры, меў вялікую падтрымку сярод аднавяскоўцаў, але ўлады не прызнавалі яго і доўгі час Грышанаў праводзіў у судах па розных адміністрацыйных справах.
Пасьля сыходу з пасады старэйшыны вёскі на пачатку 2017 году Ігар Грышанаў ня скончыў займацца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю і па-ранейшаму дапамагае роднай вёсцы. Напрыклад, на мінулым тыдні дзякуючы таму, што Грышанаў дабраўся ў сваіх патрабаваньнях да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Дабрынінай, у Стаўрах нарэшце ўсталявалі знакі на галоўнай дарозе.