«Віцебскія Курапаты» ля вёскі Хайсы ўлады ўпарта ня хочуць уважаць за месца пахаваньняў рэпрэсаваных. Калі гэткае стаўленьне захаваецца і да сёлетніх вясновых знаходак, мясцовае кіраўніцтва рызыкуе канчаткова скампрамэтаваць сваю рэпутацыю ў вачох грамадзкасьці. Леташняя спроба схаваць ад насельніцтва праўду пра месца масавых пахаваньняў у гэтым самым лесе, знойдзенае яшчэ ў 2014 годзе, ужо засьведчыла, што ўлада баіцца праўды пра сталінскія рэпрэсіі і ўсяляк хавае яе – парэшткі, паднятыя 52-м пошукавым батальёнам, перапахаваныя на станцыі Лосьвіда, як нібыта забітых фашыстамі грамадзянаў.
Сёлета першым на раскопы вандалаў натрапіў жыхар вёскі Хайсы Юрась Садкоў пры канцы сакавіка. Ён разам з жонкай паехаў у лес набраць імху.
Відавочца распавядае:
– Пад’ехалі да лесу. На самым ускрайку яшчэ здалёк кінуўся ў вочы жоўты пясочак раскапанага пагорку. Пакуль жонка пайшла да імшары, я вырашыў пацікавіцца, навошта некаму прысьпічыла раскопваць узгорак. Раскапаная яміна ўразіла і сваімі памерамі, і раскіданымі вакол яе косткамі ды чарапамі. Агледзеўся, а там яшчэ некалькі вялікіх ямінаў з парэшткамі. Па вяртаньні дадому паведаміў сястры, тая патэлефанавала ў міліцыю і запытала, што рабіць. Але самае цікавае ў тым, што апошні раз я быў на гэтым месцы ў кастрычніку мінулага году, і тады ніякіх раскопаў там не было. Значыць, капалі ў канцы кастрычніка ці ў лістападзе, або нават у сакавіку гэтага году».
Сёлетнія знаходкі ўразілі ня толькі Юрася Садкова, але і сяброў грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», якім гэткай колькасьці чалавечых парэшткаў бачыць яшчэ ніколі не даводзілася.
Наш карэспандэнт запытаў кіраўніка ініцыятывы Яна Дзяржаўцава: «Якія захады мяркуюць зрабіць сябры ініцыятывы ў сувязі зь цяперашнімі знаходкамі, пра імавернасьць існаваньня якіх яны паведамлялі, абапіраючыся на сьведчаньні мясцовага жыхарства?
Кажа Ян Дзяржаўцаў: «Найперш мы зьвернемся да ўладаў Віцебскага раёну, якія некалькі гадоў запар пераконвалі нас і грамадзкасьць у тым, што знойдзеныя намі ў 2014 годзе недалёка ад цяперашніх пахаваньняў парэшткі належаць ахвярам нацыстаў. Але ж гэта непрыхаваная хлусьня. Мы бачым зараз, што і тыя, і гэтыя пахаваньні абсалютна ідэнтычныя: шмат сьведчаньняў савецкага часу, і нічога зьвязанага з вайной. Нічога, апрача фрагмэнтаў нямецкага кіцелю, наяўнасьць якога сталася дастатковым аргумэнтам, каб пахаваць летась парэшткі, паднятыя 52-м пошукавым батальёнам, як савецкіх грамадзянаў, забітых падчас вайны. Няхай пашукаюць другую палову таго кіцелю ў гэтым месцы. І, ведаеце, я не зьдзіўлюся, калі яны яе тут знойдуць.
Але што асабліва мяне ўражвае тут, дык гэта тое, што сёлетнія раскопы нейкія занадта дэманстрацыйныя. Паглядзіце: нехта, нібыта з нейкім сэнсам, ахайна расклаў на пескавыя бруствэры і гэтыя дзьве кулі ад энкавэдэўскага кольту, і шэраг чарапоў з прастрэленымі патыліцамі, і грабеньчыкі, і гузікі, і гэтыя кучы ў асноўным гумавага даваеннага абутку. Такое ўражаньне, нібыта раскопкі ладзіліся людзьмі, якіх нічога не палохае, якія цалкам перакананыя ў сваёй беспакаранасьці. Вандалы нібыта зьдзекуюцца з уладаў і праваахоўных органаў, якіх не цікавяць чорныя капальнікі і тое, што яны апаганьваюць пахаваньні. Вось да чага прыводзіць стравусіная палітыка ўладаў, якая няўклюдна ратуе запэцканую чалавечай крывёю рэпутацыю сваіх папярэднікаў. Хаця мэтадычнасьць і вялікія аб'ёмы паднятага грунту і парэшткаў у невялікі прамежак часу можа наводзіць на іншыя высновы, у якія не хацелася б верыць.
Але найперш мы ня можам ігнараваць сьведчаньняў жыхароў вёсак Хайсы і Дрыкольле, якія добра ведаюць, хто нішчыў людзей і ў гэтым лесе, і на гэтым полі, дзе сеюць сельскагаспадарчыя культуры. А вось ў Віцебскім і Менскім КДБ кажуць, што ім нічога невядома ні пра даваенныя расстрэлы, ні пра пахаваньні ў Віцебскім раёне і ў Віцебскай вобласьці. Ну ці не абсурд? І куды гэты абсурд нас можа завесьці? Аднак нягледзячы на ігнараваньні ўладаў, мы ўсё адно працягнем сваімі сіламі ствараць у хайсоўскім лесе народны мэмарыял у памяць рэпрэсаваных».
Пра жахлівыя знаходкі праваахоўным органам Віцебскага раёну стала вядома больш за тыдзень таму, але набыткам галоснасьці гэты факт стаў толькі дзякуючы незалежнай прэсе. Здзіўляе і тая акалічнасьць, што нават старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна, на тэрыторыі якога гэтыя пахаваньні знаходзяцца, ня ведаў пра новыя раскопкі вандалаў да тае пары, пакуль яму не патэлефанавалі незалежныя журналісты. Пра далейшае разгортваньне падзеяў мы мяркуем і надалей трымаць у курсе наведнікаў нашага сайту.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/2256-u-lese-pad-khajsami-vandaly-znou-raskapali-pakhavanni-represavanykh-za-chasami-stalinizmu#sigProId76257a6d17
С. Горкі