На канфэрэнцыю зьехаліся дэлегаты з Воршы, Барані, Гарадоцкага раёну, Наваполацку,Чашніцкага раёну, і Чыгуначнага раёну Віцебску.
Праз выбары кіраўніцтва арганізацыі канфэрэнцыя мусіла аднавіць паўнамоцтвы Віцебскага абкаму. Праблема палягала ў тым, што на пачатку бягучага году не адбылася абласная канфэрэнцыя, і функцыі кіраваньня абласной арганізацыяй перайшлі да прэзыдыюму.
Яшчэ зь лютаўскай канфэрэнцыі 2016 году Віцебская абласная арганізацыя БСДП перажывае крызыс. Як сьцьвярджаюць партыйцы, ён быў справакаваны зьнешнімі сіламі, якія імкнуліся падпарадкаваць сабе партыю. Паводле іх словаў, паспрыяла гэтаму і антыпартыйная дзейнасьць асобных сябраў Віцебскага абкаму, якія неаднаразова парушалі нормы статуту БСДП. У тых акалічнасьцях Цэнтральная рэвізійная камісія партыі зрабіла неабходныя захады, а Цэнтральны камітэт і прэзыдыюм партыі адмянілі шэраг рашэньняў Віцебскага абкаму і канфэрэнцыяў.
У выніку працы сёлетняй канфэрэнцыі старшынём абласной арганізацыі стаў Віктар Міхасёў з Барані, які чатыры разы абіраўся дэпутатам мясцовага Савету. Яго намесьнікамі сталі Антон Ясіновіч і Тацяна Гаравая. Акрамя таго, на канфэрэнцыі былі абраныя рэвізор, скарбнік і тры сябры абкаму.
Мечыслаў Грыб, Віктар Міхасёў
Віктар Міхасёў лічыць, што канфэрэнцыя спрычыніцца да кансалідацыі арганізацыі і пачатку рэальнай працы сацыял-дэмакратаў на Віцебшчыне.
Асноўная задача, якая цяпер стаіць перад партыйцамі рэгіёну, – пераадоленьне крызысных зьяў у арганізацыі. Найперш – пашырэньне шэрагаў арганізацыі, бо за апошні год адбылося скарачэньне. Давядзецца шукаць новых чальцоў, якія падзяляюць каштоўнасьці сацыял-дэмакратыі. Пераадоленьне крызысу палягае і ў аднаўленьні дзейнасьці суполак, якія не працавалі апошнім часам. Вялікай праблемай для арганізацыі зьяўляецца і сталы ўзрост значнай колькасці сябраў партыі на Віцебшчыне.
«Мы адкрытыя для моладзі, бо нашыя ідэалы і каштоўнасьці, якія бяруць свой пачатак з часоў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, актуальныя і цяпер. Дарэчы, напярэдадні 100-годдзя абвяшчэньня БНР, якое мы мяркуем годна адзначыць 25 сакавіка 2018 году, ужо заплянаваныя сустрэчы нашага ідэоляга Анатоля Сідарэвіча, аўтара Энцыкляпэдыі БНР, з грамадзянамі ў Воршы, Віцебску і, магчыма, Полацку», – зазначыў новы кіраўнік абласной арганізацыі.
Адразу пасьля канфэрэнцыі прайшло паседжаньне абкаму, чальцы якога вызначылі неабходныя крокі дзеля пераадоленьня крызысу ў дзейнасьці абласной арганізацыі.
С. Горкі