Сапраўды, грамадзкае аб’яднаньне “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” свайго прадстаўніцтва ў Віцебску ня мае (ёсьць у Талачыне і Полацку, але не ў абласным цэнтры). Як патлумачылі нам у тэлефоннай размове прадстаўнікі таварыства ў Менску, “ніхто ў вас ня хоча працаваць бясплатна”. Параілі зьвяртацца ў выканкамы па месцы жыхарства.
Па дапамогу зьвяртацца ва ўпраўленьне гандлю і паслуг
Высьветлілі, што функцыі абаронцы правоў спажыўцоў у сфэры гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня выконвае зараз упраўленьне гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкаму. Тут кансультуюць, разглядаюць звароты, заявы і скаргі ад пакупнікоў.
Упаўнаважаным у вырашэньні пытаньняў такога кшталту зьяўляецца галоўны спэцыяліст упраўленьня Вольга Лукашкова. Што праўда, патрапіць да яе на прыём у справе абароны правоў спажыўца можна толькі ў вызначаныя дні (тэлефанаваць на гарадзкі нумар 33-60-16):
- У першы і трэці аўторак бягучага месяца – ад 8.00 да 11.00.
- У другі і чацьверты чацьвер месяца – ад 14.00 да 17.00.
Званіць на “гарачую лінію”
Таксама можна скарыстацца “гарачай лініяй” упраўленьня гандлю і паслуг гарвыканкаму, патэлефанаваўшы на нумар 33-60-37. Іншая справа, што працуе гэтая “гарачая лінія” не зусім у гарачым рэжыме, а толькі тры дні на тыдзень:
- Па панядзелках – ад 8.00 да 12.00;
- у серады – ад 14.00 да 17.00;
- па пятніцах – ад 14.00 да 17.00.
Наконт аптэк – зьвяртацца ва ўпраўленьне аховы здароўя
Што да праблем, якія ўзьнікаюць у пакупнікоў падчас набыцьця лекаў у аптэках гораду, то ўпраўленьне гандлю іх не вырашае, паведаміла нам Вольга Лукашкова. Бо аптэкі ня маюць дачыненьня да грамадзкага харчаваньня, гандлю альбо бытавых паслуг. А лекавыя сродкі, паводле закону, не падлягаюць з моманту іх набыцьця звароту ці абмену.
З пытаньнямі параіла зьвяртацца ва ўпраўленьне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму. Альбо паспрабаваць на месцы выкласьці сутнасьць праблемы ў кнізе заўваг і прапаноў, якая мусіць быць у кожнай аптэцы.
– Але калі што, няхай тэлефануюць нам – дапаможам кансультацыяй, – дадала галоўны спэцыяліст упраўленьня гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкаму.
Шмат скаргаў на гандляроў тэлефонамі ды пляншэтамі
Паводле інфармацыі Віцебскага гарвыканкаму, у 2016 годзе ўпраўленьне гандлю і паслуг склала і накіравала ў суд 135 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Большасьць зь іх (88) тычыліся парушэньняў правілаў гандлю і адмоваў выдаваць кнігу заўваг і прапаноў.
У мінулым годзе ва ўпраўленьне паступіла больш за 700 зваротаў спажыўцоў наконт парушэньняў іхных правоў – 326 пісьмовых зваротаў, 321 – у вуснай форме, 77 – праз “гарачую лінію”. Упаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў зладзіла 46 прыёмаў, склала 28 іскавых заяў і 26 прэтэнзіяў.
Толькі за першы квартал 2017 году ўпраўленьне прыняла 113 зваротаў грамадзян у гэтай справе.
“Шмат нараканьняў выклікае ў спажыўцоў праца арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць у розьніцу мабільнымі тэлефонамі і пляншэтамі, іншай сучаснай тэхнікай, а таксама іх рамонт. Шмат скаргаў і на якасьць бытавога абслугоўваньня насельніцтва”, – паведамілі ў гарвыканкаме.
Зьміцер Міраш