Серада, 17 Кастрычнік 2018

Дыпляматы дзьвюх прыбалтыйскіх амбасадаў сустрэліся з грамадзкасьцю Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Дыпляматы падчас сустрэчы ў Віцебску Дыпляматы падчас сустрэчы ў Віцебску

16 кастрычніка віцебчукі мелі добрую магчымасьць паўдзельнічаць у анансаваным праз сацыяльныя сеткі дыялёгу "Беларускі дом у эўрапейскім квартале". У Віцебск завіталі намесьнік пасла Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Данатас Аўгуліс і консул эстонскай амбасады ў Менску Кадры Лутт.

Сустрэча з высокімі гасьцямі з краінаў Балтыі адбылася дзякуючы намаганьням старшыні Віцебскай гарадзкой арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Яскевіч.

Замежныя дыпляматы распавялі пра сябе і сваю працу, бліжэй пазнаёміліся з праблемамі, якія хвалююць грамадзкіх актывістаў абласнога цэнтру, і ў межах сваёй кампэтэнцыі адказалі на пытаньні прысутных.

Данатас Аўгуліс, распачынаючы дыялёг, адзначыў, што эканамічныя стасункі паміж Беларусьсю і Літвой знаходзяцца ў добрым стане, а вось дыпляматычныя скараціліся да мінімуму. І найперш гэта зьвязана з пабудовай Астравецкай АЭС. 

Вялікай праблемай для Літвы застаецца пытаньне бясьпекі. Беларусь да сёньня не дала адказу на прэтэнзіі, выказаныя літоўскім бокам, хоць і запэўніла, што ўсе рэкамэндацыі будуць выкананыя. Вось толькі невядома, калі, якім чынам і за якія сродкі. Пазыцыя Літвы такая: рэкамэндацыі мусяць быць выкананыя да пуску АЭС, а ня потым.

“Расея –  агрэсар, які разумее толькі аргумэнты сілы”

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец у сувязі з актывізацыяй у краіне прадстаўнікоў гэтак званага «рускага сьвету» і ростам прарасейскіх настрояў зьвярнула ўвагу дыпляматаў на верагоднасьць магчымай анэксіі Беларусі Расеяй.

Тацяна Севярынец (справа) казала пра магчымую анэксію Беларусі Расеяй

Дыплямат адзначыў, што Эўразьвяз слаба рэагуе на магчымую пагрозу з усходу.  На яго думку, Расея –  агрэсар, які разумее толькі аргумэнты сілы. Прычына – у асаблівасьцях мэнталітэту расейскага істэблішмэнту, для якога эўрапейская палітыка кампрамісаў і саступак непрымальная. Але тут трэба адрозьніваць расейскую ўладу і грамадзян. У гэтым накірунку Літва шмат робіць для падтрымкі расейскай дэмакратычнай супольнасьці, запэўніў Данатас Аўгуліс.

Паводле словаў дыплямата, пытаньне магчымай расейскай агрэсіі складанае і ня мае адназначнага адказу. Але абнадзейвае тое, што  прадстаўнікі беларускіх уладаў апошнім часам пачалі дэманстраваць праявы нацыянальнай ідэнтычнасьці. У літоўскую амбасаду пачалі прыходзіць лісты, напісаныя па-беларуску, а ў вышыванкі пачалі апранацца нават міністры.

Актывісты выказаліся за санкцыі да пэўных асобаў

Кадры Лутт таксама пагадзілася, што многае ва ўзьнятай праблеме залежыць ад беларусаў і беларускай дзяржавы. Калі беларусы будуць яскрава дэманстраваць сьвету сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, то ўсе зразумеюць, што гэтая зямля ніколі ня стане Расеяй.

Падчас дыялёгу

Грамадзкая актывістка Ірына Захарава выказалася за выбарачныя санкцыі ў дачыненьні да  канкрэтных асобаў, якія ствараюць у краіне атмасфэру прававога нігілізму, ігнаруюць дэмакратычныя нормы і прынцыпы. Забарона на атрыманьне шэнгенскіх візаў, віду на жыхарства ў краінах Эўропы для дзяцей судзьдзяў і пракурораў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць грамадзкіх і партыйных актывістаў, маглі б стаць добрым стрымліваючым фактарам.

На думку актывістаў, у гэты сьпіс трэба таксама дадаць і асобаў, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыі выбараў.

Пра выбары і “Славянскі базар”

Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў прапанаваў прыбалтыйскім дыпляматам паспрыяць больш шырокаму ўдзелу ў “Славянскім базары” дзеячаў культуры Літвы і Эстоніі. Большае прадстаўніцтва нашых паўночных суседзяў на творчых пляцоўках Віцебску пойдзе, маўляў, на карысьць і прыбалтам і беларусам. Дыпляматы ідэю падтрымалі.

Сябар партыі левых "Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў падкрэсьліў важнасьць дапамогі Эўразьвязу, дзякуючы якой, між іншым, беларускія актывісты маюць магчымасьць вывучаць досьвед прыбалтыйскіх краінаў у сфэры мясцовага самакіраваньня. Засяродзіў актывіст увагу дыпляматаў і на праблемах беларускага выбарчага працэсу.

Выступае Мікалай Дзямідаў

Ён адзначыў, што толькі актыўны ўдзел грамадзкіх актывістаў у назіраньні за выбарамі дае місіі АБСЭ той багаты фактычны матэрыял, які дазваляе не прызнаваць іх празрыстымі і дэмакратычнымі.

Эўрапейцы ў беларускіх турмах

Цікавы момант узьнік падчас абмеркаваньня заявы кіраўніка Беларусі раздаць насельніцтву 7 мільёнаў адзінак зброі для абароны краіны ад імавернага агрэсара. Кадры Лутт, адказваючы на пытаньне пра атрады самаабароны ў Эстоніі, адзначыла, што ў яе краіне ніхто не палохаецца сваіх людзей са зброяй, бо ўлада – гэта людзі. Прысутныя зьвярнулі ўвагу на тое, што сказаць гэтак жа пра Беларусь яны, на жаль, ня могуць. Тут да людзей са зброяй ставяцца зь вялікім недаверам.

Ян Дзяржаўцаў, кіраўнік ініцыятывы “Хайсы”, пацікавіўся стаўленьнем літоўскага кіраўніцтва да рэпрэсаваных за Саветамі асобаў і наконт кампэнсацыі з боку дзяржавы за зазнаныя матэрыяльныя страты. Данатас Аўгуліс адзначыў, што дзяржава вярнула рэпрэсаваным страчаныя дамы і зямлю. Акрамя таго, робяцца немалыя даплаты да пэнсіяў, іншыя льготы.

Ян Дзяржаўцаў запытаўся пра стаўленьне да рэпрэсаваных

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуў увагу прыбалтыйскіх дыпляматаў на праблему дрэнных умоваў утрыманьня зьняволеных у беларускіх турмах. У тым ліку – грамадзян Эўразьвязу, колькасьць якіх у сувязі зь інтэграцыйнымі працэсамі заўважна павялічылася і мае тэндэнцыю да росту.

Было б добра, казаў праваабаронца, каб Эўразьвяз і Эўракамісія выдзелілі б нейкія сродкі на паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў беларускіх вязьніцах сваіх суграмадзян. Адначасна гэта паспрыяла б паляпшэньню ўмоваў утрыманьня і іншых зьняволеных.

Данатас Аўгуліс і Кадры Лутт

Абмеркаваньне ўзьнятых на сустрэчы пытаньняў было плённым. Усе ўдзельнікі дыялёгу адзначылі неабходнасьць падобнага роду кантактаў. 

Ірына Яскевіч дзякуе гасьцям за сустрэчу

Напрыканцы імпрэзы Ірына Яскевіч падзякавала гасьцям за цікавую сустрэчу і ўручыла дыпляматам у якасьці памятных падарункаў фотаальбомы "Віцебск".     

С. Горкі