Аўторак, 08 Студзень 2019

Жыхары Браслава прапанавалі ўвесьці ў рэгіёне “бязьвіз” для замежнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(19 галасоў)
Возера Дрывяты. Фота: Віктар Малышчыц Возера Дрывяты. Фота: Віктар Малышчыц

Браслаўчане прапануюць зрабіць бязьвізавы рэжым для турыстаў з ЭЗ, якія едуць адпачыць на Браслаўскія азёры. Гэта мусіць падвысіць прыток валюты ў рэгіён і стаць моцным стымулам для разьвіцьця турызму, гаворыцца ў электронным звароце, апублікаваным на пляцоўцы “Зручны горад”.

“Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” – бадай што самы прыгожы куток нашай краіны. Аднак турыстычны патэнцыял яго выкарыстоўваецца вельмі слаба”, – пішуць аўтары пэтыцыі.

Яны кажуць пра адсутнасьць у Браславе пунктаў грамадзкага харчаваньня і забаўляльных устаноў, немагчымасьці ў выходныя дні памяняць валюту. У горадзе працуе ўсяго адна буйная прадуктовая крама.

“Пра неэфэктыўнасьць дзейных праграм і нездавальняючы стан разьвіцьця турызму ў рэгіёне сьведчыць і статыстыка Белстату: у Браслаўскім раёне – адзін з самых нізкіх паказьнікаў заробку ў краіне”, – гаворыцца ў пэтыцыі.

Браслаўчане просяць зладзіць публічны конкурс на стварэньне пляну разьвіцьця турыстычнага патэнцыялу Нацпарку.

5 прапаноў ад жыхароў Браслава

  1. Распрацаваць праграму сэзоннай дывэрсіфікацыі турызму, бо ў халодныя поры году турысты ў Браслаў ня едуць.
  2. Пабудаваць у горадзе аквапарк, сучасныя спартовыя і дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвыя цэнтры.
  3. Стварыць ільготную падатковую праграму для малога і сярэдняга бізнэсу, накіраванага на разьвіцьцё турызму ў рэгіёне – для прыцягненьня прыватнага капіталу.
  4. Увесьці бязьвізавы рэжым для турыстаў, якія едуць адпачыць на Браслаўскіх азёрах, накшталт таго, які зараз дзейнічае ў Белавескай пушчы. Гэта мусіць прывабіць у рэгіён жыхароў Эўразьвязу.
  5. Працягнуць да Браслава чыгуначны пуць і пусьціць па ім хуткасны цягнік, каб за некалькі гадзін можна было дабрацца ў Браслаў зь Менску. Гэта паспрыяе разьвіцьцю турызму.

Пэтыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства спорту і турызму, а таксама – у Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. За першы тыдзень 2019 году пад ёй пакінулі свае подпісы каля 50 чалавек.

Беларуская Ніца

 Паводле нашай інфармацыі, на пачатку году пытаньні разьвіцьця Браслаўскага раёну разглядаліся на паседжаньні ў Віцебскім аблсавеце. Гаворка вялася пра падрыхтоўку да фэсту Viva Braslav, мадэрнізацыю набярэжнай і лесапаркавай зоны “Лесьнічоўка” ў раённым цэнтры. Старшыня Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў казаў пра тое, што Браслаў мае стаць “беларускай Ніцай”.

Пэтыцыю можна падпісаць цягам месяца.

Зьміцер Міраш, фота Віктар Малышчыц