Нядзеля, 13 Студзень 2019

Нашэсьце наркарэклямы ў Віцебску. Актывіст: Трэба ўздымаць гвалт!..

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Графіці на сьцяне дому ў Мэдцэнтры Графіці на сьцяне дому ў Мэдцэнтры

Сотні графіці са згадкай забароненых рэчываў зьявіліся ў апошні час на сьценах віцебскіх дамоў і трансфарматарных будак. Мікрараён “Мэцэнтар” быў расьпісаны літаральна за адну ноч – з 12 на 13 студзеня. Ні міліцыя, ні ЖКГ на зьяўленьне наркарэклямы пакуль ніяк не рэагуюць. “Трэба ўзьнімаць гвалт!” – кажа гарадзкі актывіст Яўген Крыскевіч.

Яўген расказвае, што вайну наркаграфіці ён абвясьціў яшчэ 3-4 дні таму – накіраваў у службу 115.бел дзясятак заявак з просьбай зафарбаваць небясьпечныя надпісы на прыпынках і сьценах дамоў. Заяўкі, пададзеныя 5 дзён таму, маюць зараз статус “у працы”. Надпісы пакуль не вынішчаныя…  

У віцебскім мікрараёне “Мэдцэнтар”, дзе ўжо 10 гадоў жыве Яўген, наркаграфіці зьявіліся ў ноч з 12 на 13 студзеня ледзь не на кожным доме. Але актывіст мяркуе, што рабілі іх, найхутчэй, “заежджыя мастакі”.

Яўген Крыскевіч

Паводле ягонай інфармацыі, ад пачатку году наркарэкляма апанавала найперш гарады на ўсходзе краіны – Гомель, Магілёў і Віцебск.

Чаму гэта небясьпечна і што рабіць

Ня будзем тлумачыць, як працуе гэтая рэкляма. Але дарослыя людзі (і найперш – бацькі падлеткаў), якія бачаць на сьценах дамоў незразумелыя літары і лічбы са смоўжыкамі (@), павінны ведаць, што гэта прамая дарога да наркагандляра, а значыцца, зь вялікай верагоднасьцю, – у турму альбо на той сьвет.

“І тут вельмі важна, каб мы не маўчалі, не былі абыякавымі. Калі гэтым чамусьці не займаецца наша міліцыя і ЖКГ – трэба самім фатаграфаваць, замазваць на здымку надпіс і дасылаць на 115.бел, пісаць электронныя звароты ў РАУСы, выканкамы, іншыя інстанцыі”, – кажа Яўген Крыскевіч.

Яўген мяркуе, што, калі зафарбоўваць надпісы самавольна, могуць узьнікнуць праблемы з тымі ж уладамі і ЖКГ. Але калі ў бліжэйшы час яны ня зробяць належных захадаў, ён гатовы ўзяцца за пэндзаль. Бо графіці трэба зьнішчыць тэрмінова.

“Важна аб’яднацца. Каб не я адзін пісаў. Учыніць ціск, узьняць гвалт. Паказаць, што гэта вельмі небясьпечна і што трываць такое ня будзем”, – дадае.

“Можна таксама паспрабаваць узгадніць свае дзеяньні з кіраўніцтвам таварыства ўласьнікаў канкрэтнага дому. Проста пазваніць і запытацца, якім чынам гэта можна зафарбаваць”, – дадае Яўген.

Чаму не рэагуе міліцыя?

Наогул, на думку нашага суразмоўцы, кантраляваць зьяўленьне такіх графіці ў горадзе мусілі б міліцэйскія патрулі.

“Вось ходзіць па раёне нарад – тры чалавекі міліцыянтаў. Чаму б ім не зафіксаваць усё гэта, не зрабіць агульны сьпіс і не падаць рапарт начальству? Глядзіш, праз 1-2 дні – сьцены чыстыя. Але ж калі б міліцыя сапраўды хацела гэтага, то даўно ўжо нешта рабіла б. А так… ці трэба гэта ім? Напэўна, дзяцей на “закладках” лавіць – больш годны, на іх думку, занятак?..” – задаецца пытаньнем Яўген Крыскевіч.

Нагадаем, у Беларусі адзін з самых жорсткіх у сьвеце антынаркатычных законаў (арт. 328 КК РБ). Ад 2015 году ўзроставая мяжа адказнасьці пачынаецца ад 14 гадоў, а максымальны тэрмін пазбаўленьня волі за збыт забароненых рэчываў быў павялічаны да 25 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у месцах пазбаўленьня волі знаходзіцца каля 17 тыс. асуджаных паводле 328-га артыкулу. Але, як сьцьвярджаюць актывісткі “Матчынага Руху 328”, якія ў 2018 годзе правялі галадоўку, большасьць зьняволеных – звычайныя (часта – выпадковыя) спажыўцы, сапраўдныя ж наркабароны дагэтуль на волі…

Зьміцер Міраш, фота аўтара