Чацвер, 11 Чэрвень 2026

Сілавікі пагражаюць рэпрэсіямі за публікацыі ў Threads і TikTok. А для многіх яны былі апошняй надзеяй

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Следчы камітэт паведаміў, што зараз будзе ўзмоцнена сачыць і рэагаваць на матэрыялы і каментары ў сацсетках, асабліва ў Threads і TikTok. На думку ведамства, вялікая колькасць паведамленняў там утрымлівае дэзінфармацыю па пытаннях грамадскай бяспекі, работы дзяржаўных органаў, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, распальванне сацыяльнай варожасці і  загадзя ілжывыя паведамленні аб небяспецы. Аднак менавіта такія публікацыі, прысвечаныя сацыяльным і камунальным недахопам, змушаюць на іх  рэагаваць адказныя структуры і дзяржСМІ – тады, як простыя звароты ў 115.бел або ў рэдакцыі ці на “гарачыя лініі” ужо не дзейнічаюць.

- Заява Следчага камітэта выглядае як чарговы сігнал аб пашырэнні кантролю за публічнымі выказваннямі ў інтэрнэце. Фармальна гаворка ідзе пра барацьбу з ілжывымі паведамленнямі або разпальваннем варожасці, аднак на практыцы беларускія ўлады традыцыйна выкарыстоўваюць максімальна шырокае тлумачэнне гэтых паняццяў.Асаблівая цікавасць ведамства да TikTok і Threads цалкам тлумачальная. Гэтыя платформы сёння — адны з нешматлікіх пляцовак, дзе жывыя людзі могуць імгненна прыцягнуць увагу да рэальных праблем: ад самавольства дробных чыноўнікаў на месцах да сацыяльных і эканамічных цяжкасцей. Натуральна, для бюракратычнага апарату такія вірусныя відэа і пасты — гэта лішні галаўны боль, які прымушае іх варушыцца, апраўдвацца і неяк рэагаваць, -- кажа Аляксандр, юрыст і праваабаронца ПЦ “Вясна”.

Сапраўды, на Віцебшчыне паведамленні ў TikTok ужо два гады як сталі апошняй надзеяй для мясцовых жыхароў у вырашэнні набалелых пытанняў. Ад звычайных камунальных, да прыкладу, калі жыхарка вёскі Альхавік Лёзненскага раёна зняла ролік пра абсалютна непрыдатную для праходу і праезду вясковую дарогу. Мясцовыя ўлады адрэагавалі літаральна на працягу двух дзён.   І да больш глабальных – як нашумелая гісторыя са зваротам да Лукашэнкі з нагоды закрыцця дзіцячага садка ў Талачынскім раёне. Яна змусіла адрэагаваць самога адрасата: Лукашэнка асабіста загадаў, каб садок для вясковых дзяцей пакінулі і нават зрабілі рамонт.

Найбольш паспяховай аказалася такая “схема”, калі відэаролік на вострую тэму падхопліваюць незалежныя інтэрнэт-рэсурсы і ён набывае шырокую пагалоску. Таму  такія рэсурсы спешна абвяшчаюць “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”, каб інтэрнэт-аўдыторыя адпісалася ад іх і не пакідала каментароў з новымі падобнымі фактамі.  Так, адзін з TikTok-акаўнтаў  з віцебскімі навінамі быў прызнаны “экстрэмісцкім” 7 разоў – і толькі за тое, што там былі спасылкі на відэаролікі з мясцовымі праблемамі. Сёлета ў чэрвені  “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” прызналі яшчэ адзін TikTok-акаўнт з навінамі Віцебскай вобласці, дзе згадваюцца крытычныя відэаролікі мясцовых жыхароў.  

Вядома, не на кожны “праблемны” відэаролік улады рэагуюць. І тады часам здараюцца вялікія беды. Памятаеце, як некалькі дзён таму ў Віцебску адсялялі жыхароў аднаго з дамоў на вуліцы Шрадэра, бо побач прасеў грунт і дом мог “паехаць”?  Як высветлілася пра небяспеку чагосьці падобнага віцяблянін яшчэ ў сакавіку папярэджваў у TikTok, але ягоная скарга засталася без увагі.

Праваабаронца лічыць, што Следчы камітэт запалохвае беларусаў свядома – каб праблемы замоўчваліся, дзяржСМІ не мусілі апраўдвацца перад чытачамі і займаліся выключна прапагандай , а чыноўнікі беспакарана ігнаравалі народныя беды:

- Ідэальная карціна свету для сістэмы — гэта калі ў інфапрасторы пануе поўны штыль, вострыя пытанні не паднімаюцца, а справаздачы рапартуюць пра тое, што «ўсё добра». Замест таго каб ліквідаваць першапрычыны незадаволенасці людзей, ведамствы выбіраюць самы просты і звыклы для сябе шлях — зачыстку сімптомаў праз запалохванне крымінальнымі артыкуламі і татальны кантроль за смартфонамі грамадзян.

Святлана Макаева