Жыхарка вёскі Альхавік Лёзненскага раёна зняла ролік пра абсалютна непрыдатную для праходу і праезду вясковую дарогу. У гэтым роліку Галіна Лукашэнка звяртаецца да свайго знакамітага цёзкі па прозвішчы - з просьбай, каб паспрыяў з рамонтам. Бо мясцовыя ўлады на просьбы мясцовых жыхароў не рэагуюць, хаця ліст з подпісамі 14 чалавек пайшоў і сельвыканкам, і ў Лёзненскі райвыканкам. Пакуль адгукнулася на просьбу пра дапамогу толькі раённай газета “Голас Сенненшчыны”, і тое вельмі своеасаблівым чынам.
Свой відэаролік Галіна Лукашэнка апублікавала тры дні таму. Некаторыя гледачы нават не паверылі, што такая дарога можа быць у сучаснай вёсцы - у каментарах нават пыталіся, ці не лясная гэта дарога, “знятая для хайпу”. Жыхарка вёскі Альхавік тлумачыла, што адрамантаваць дарогу абяцалі пасля 9 траўня, але на дварэ ліпень, і пасля апошніх дажджоў дарога зусім “паплыла”. Гаварыла жынчына і пра тое, што “навезлі нейкага камення і смецця”, з дапамогай якога нібыта можна рабіць рамонт...
Гэтае каменне і смецца якраз і фігуруе ў другім відэароліку - знятым мясцовай раёнкай і размешчаны ў рэдакцыйным акаўнце TikTok . Дзве з лішкам мінуты пад песню пра малаю радзіму супрацоўнікі рэдакцыі паказваюць тую самую дарогу, на якой нібыта ўжо пачаты рамонт. Насамрэч яе хіба толькі падсыпалі пяском, і тое яго не хапіла на глыбейшыя лужыны.
Уражвае спосаб зносінаў з людзьмі, абраны дзяржаўным СМІ. Відэаролік - у адказ на відэаролік з просьбай пра дапамогу. Пазіцыя мясцовых уладаў так і застаецца не зразумелай.
Барыс Рагаценка