У першай палове чэрвеня на плянавы прыпыначны рамонт сышла другая чарга вытворчасьці «Поліэтылен». У цэхах № 104, 105 і 106 праводзіліся чысткі, рэвізіі, замена абсталяваньня. Паведамлялася, што, нягледзячы на скарачэньне (у параўнаньні зь мінулым годам) пэрсаналу рамонтнай вытворчасьці, другая чарга «Поліэтылену» мусіла пачаць выдаваць гатовую прадукцыю ў ліпені.
Аднак на пачатку ліпеня СМІ паведамілі, што на «Паліміры» каля тыдня ідзе моцны чорны дым, а ў горадзе адчуваецца пах гарэлай хіміі. Прадстаўнікі заводу на гэта заявілі, што ніякай аварыі ня здарылася, і што гэтак адбываецца рэгулярна пры пускавых работах пасьля капрамонту.
Што насамрэч адбылося на «Паліміры» стала вядома на днях з публікацыі газэты «Вестник Нафтана». Дырэктар заводу Алег Жэбін на сустрэчы з работнікамі паведаміў, што ў ліпені і пачатку жніўня сытуацыя ў эканоміцы заводу зьмянілася ў горшы бок. Прычына – «тэхналягічныя непаладкі» падчас пуску цэхаў другой чаргі вытворчасьці «Поліэтылен».
Паводле словў Алега Жэбіна, завершанае расьсьледаваньне інцыдэнтаў, што адбыліся; асобы, датычныя да іх, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, пазбаўленыя прэміі і будуць кампэнсаваць прычыненую шкоду.
Збой у працы заводу спрычыніўся да памяншэньня выпуску прадукцыі, зьніжэньня прыбытку і экспарту, павелічэньня выдаткаў на вытворчасьць (набыцьцё дадатковага аб'ёму сыравіны і незаплянаваны рамонт абсталяваньня).
Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі