Панядзелак, 05 Жнівень 2019

Фотафакт: герб Расейскай імпэрыі – у цэнтры Відзаў на Браслаўшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Камень з расейскім гербам у Відзах Камень з расейскім гербам у Відзах

У цэнтры мястэчка Відзы ў Браслаўскім раёне ўсталяваны памятны камень у гонар заснаваньня ў 1803 годзе Відзаўскага павятовага вучылішча. Камень “вянчае” герб Расейскай імпэрыі, бо вучэльня нібыта была заснаваная “па ўказу цара Аляксандра I”.

Як расказалі мясцовыя жыхары, камень зьявіўся ў сквэрыку за інтэрнатам Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу ў цэнтры пасёлку некалькі месяцаў таму.

“1 верасьня 1803 году па ўказу цара Аляксандра І было адкрытае Відзаўскае гарадзкое павятовае вучылішча ў горадзе Відзы Ковенскай губэрні Віленскай адукацыйнай акругі”, – выбіта на камяні па-расейску.

Над самім надпісам прымацаваная шыльда з выявай гербу Расейскай імпэрыі.

Адзін з выкладчыкаў каледжу распавёў, што ідэя ўсталяваньня помнага каменю з расейскім гербам належала выключна дырэктару навучальнай установы Міхаілу Сьмірнову. Многім настаўнікам такая ідэя была не да спадобы, але ніхто асабліва не пярэчыў и не абураўся: “...мы ж людзі паднявольныя”.

“Менавіта там, у Расеі, бачыць дырэктар каледжу вытокі нашай навучальнай установы”, – сказаў наш суразмоўца.

Між тым, на афіцыйным сайце Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу сьцьвярджаецца, што ў 1803 годзе “павятовая вучэльня ў Відзах была адкрытая манахамі-канонікамі рэгулярнымі”.

Расейскі цар мае роўна такое ж дачыненьне да відзаўскай вучэльні, як і да астатніх навучальных устаноў колішняй імпэрыі, бо ў 1803 годзе падпісаў “Палажэньне аб упарадкаваньні навучальных установаў”.

Таксама ў 2016 годзе ў Відзах была адкрытая кавярня “Традиция 1803”, яна належыць каледжу.

Зьміцер Міраш