Аўторак, 06 Жнівень 2019

У Віцебску ўшанавалі памяць вайскоўцаў, якія загінулі на службе ў мірны час

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мэмарыял на праспэкце Чарняхоўскага ў Віцебску Мэмарыял на праспэкце Чарняхоўскага ў Віцебску

У Віцебску 5 жніўня ля памятнага знаку вайскоўцам, якія загінулі ў мірны час пры выкананьні службовага абавязку, прайшла імпрэза, прымеркаваная да Дня памяці салдат. Памяць загінулых ушанавалі малітвай і збройным салютам. Бацькі жаўнераў выказваюць шмат прэтэнзіяў на адрас дзяржавы.

У памінальным малебне ля мэмарыялу, які знаходзіцца паблізу Сьвята-Георгіеўскай царквы на праспэкце Чарняхоўскага, узялі ўдзел бацькі загінулых жаўнераў, прадстаўнікі Камітэту салдацкіх маці, адміністрацыі Першамайскага раёну, БРСМ, вайскоўцы 103-й паветрана-дэсантнай брыгады.

Малебен адслужыў сьвятар Сьвята-Георгіеўскага храму Сергій Іваноў. Пасьля набажэнству ён заклікаў прысутных памятаць, што Бог – гаспадар і жывых, і мёртвых.

“У Богу ўсе мы: і памерлыя, і жывыя. Часьцей хадзіце ў царкву, прычашчайцеся і маліцеся. І сабе дапаможаце, і дзецям сваім, – падагульніў айцец Сергій.

Падчас малебну

Прадстаўнік БРСМ у сваёй аж занадта патаснай прамове запэўніў удзельнікаў, што арганізацыя працуе над тым, каб у войска “прыходзілі новыя байцы”, “сапраўдныя патрыёты”.

“Моладзь Першамайскага раёну ніколі не забудзе аб іх бяспрыкладным подзьвігу. Мы працуем над тым, каб кожны быў сапраўдным патрыётам нашай краіны, каб моладзь брала прыклад з тых герояў, якіх ужо няма з намі. Каб ва ўзброеныя сілы Беларусі прыходзілі новыя байцы і натхняліся подзьвігамі вашых дзяцей. Нізкі вам паклон!” – зьвяртаўся да бацькоў загінулых у мірны час вайскоўцаў прадстаўнік БРСМ.

“Крыўдна, што дзяржава забываецца на нас…”

Пасьля імпрэзы бацькі жаўнераў, якія загінулі ў беларускім войску ў мірны час, дзяліліся набалелым і прыгадвалі сваіх сыноў.

Віцяблянін Ігар Мікалаевіч распавёў, што ягоны сын служыў у пошукавай роце і загінуў падчас службы ў 2007 годзе, трапіўшы ў аўтакатастрофу ў Бярозе.

Віцябляне выказаліся пра набалелае

“Раней для нас былі льготы на праезд у дызэлі і аўтобусе. А зараз няма. Крыўдна, што дзяржава забываецца, што ёсьць такая катэгорыя грамадзянаў.  Прыкра, што паўсюль трэба даказваць свой статус сям'і, якая страціла сына-вайскоўца ў мірны час. Трэба кожны раз даводзіць сваё права, паказваць пасьведчаньне, крыўдна, – абураецца мужчына.

Ігар Мікалаевіч расказвае, што раней і да лекара можна было трапіць без чаргі. І бясплатныя лекі прыдбаць. Але ня зараз: адзін лекар выпісвае тое, што трэба, а другі кажа, што ня маюць на тое права.

“Мы маем права два разы на год лекавацца ў шпіталі ў Юрцаве, і, калі мы гэтым не карыстаемся, нехта ж робіць гэта за нас. Раней тэлефанавалі, узгаднялі, калі нам  будзе зручней, а цяпер прапаноўваюць толькі тады, калі ты ня маеш магчымасьці паехаць…” – выказаў крыўду Ігар Мікалаевіч.

“Няўжо мы мусім прыніжацца і кланяцца?..”

Маці загінулага салдата Лана Сяргееўна таксама выказвае свае крыўды:

“Больш за 19 гадоў я пражыла ў Менску. Сын там служыў, там і загінуў. У сталіцы было шмат увагі і дапамогі. Калі пераехала сюды, убачыла, што тут нібыта іншая дзяржава. Але ж мы, здаецца, прыраўноўваемся да вэтэранаў, і ў нас ёсьць ільготы. Хаця б па 50 рублёў на лекі на 9 траўня далі. Не…”

Мама вайскоўца Ігара Міхайлава расказала, што сын служыў у разьведроце ў Мар'інай Горцы і загінуў у 2002 годзе на вучэньнях – ня вытрымаў арганізм (поліарганная недастатковасьць). Ігар быў навечна залічаны ў сьпісы вайсковай часткі.

З праблемамі бацькоў загінулых салдат паабяцаў разабрацца намесьнік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў.

“Няўжо мы мусім прыніжацца і кланяцца? Дзяржава забрала нашых сыноў! І гэта сорам, што з нагоды 23 лютага ці 9 траўня яна не дае маткам аніякай дапамогі. І справа не ў грашах, мы гэта перажывем, бо прызвычаіліся жыць за невялікія сродкі, але тут справа прынцыпу, увагі да нас. Чаму ў Менску і ў Горадні атрымоўваюць дапамогу? І чаму віцебскія маці гэтага ня вартыя? Гэта ганьба! Мы што, у іншай краіне жывём?..” – казала пра набалелае Лана Сяргееўна.

“Калі той, хто прызываў на службу, дасьць маці троху грошай, гэта будзе як сын даў на лекі. Няхай зробяць гэткую акцыю, як зрабілі ў Горадні, “прывітаньне ад сына”,  – прапанавала жанчына.

С. Горкі, фота аўтара