Серада, 02 Кастрычнік 2019

Віцебскага псыхіятра Пастнова амніставалі – на “хімію” ён не паедзе

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Пастанова аб ужываньні амністыі да 51-гадовага лекара-псыхіятра зь Віцебску Ігара Пастнова была прынятая яшчэ 6 верасьня. Паводле яе, Пастноў вызваляецца ад адбываньня пакараньня ў выглядзе 3-х гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле выраку суду Бешанковіцкага раёну ад 20 траўня 2019 году.

Сам Пастноў падпісаў дакумэнт аб ужываньні амністыі толькі 25 верасьня, бо да гэтага знаходзіўся на дабравольным лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі.

Тры гады “хіміі” яму прысудзілі за паклёп на пракурора (ч.2 арт. 188 КК). Прысуд набыў законную сілу 19 ліпеня 2019 году, але да адбываньня пакараньня так і не дайшло.  

Як гаворыцца ў пастанове, злачынства, учыненае Пастновым, не пагражае вялікай небясьпекай грамадзтву, а сам Пастноў “не зьяўляецца злосным парушальнікам устаноўленага парадку адбываньня пакараньня”.

“Сумаў, падлеглых спагнаньню па дадзеным прысудзе, а таксама іншых падставаў, якія б перашкаджалі вызваленьню ад пакараньня ў адпаведнасьці з арт. 9 і 11 Закону РБ ад 19 ліпеня 2019 году “Аб амністыі…”, ня мае”, – сьцьвярджаецца ў дакумэнце.  

Нагадаем, што адзінай перашкодай для амніставаньня Пастнова была другая крымінальная справа, распачатая супраць яго за разгалашэньне дадзеных закрытага судовага паседжаньня (ч.1 арт. 407 КК РБ), але яна была спыненая 2 верасьня.

Такім чынам, Ігар Пастноў вызваляецца ад адбываньня трох гадоў “хіміі”, да якой прысудзіў яго суд Бешанковіцкага раёну.

Пастанова аб ужываньні амністыі прынятая начальнікам АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргеем Стэльмахам і зацьверджаная выканаўцам абавязкаў пракурора Віцебскай вобласьці Уладзімерам Гукам.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.