Сапраўды, праблема крадзяжу дачнай маёмасці існуе. Штогод у Віцебскай вобласці рэгіструецца 300 і болей такіх крадзяжоў, у асноўным у зімова-веснавы перыяд. Раскрыццё падобных злачынстваў ускладняецца тым, што крадзяжы адбываюцца падчас доўгай адсутнасці гаспадароў лецішчаў, за гэты час губляюцца сляды злачынства.
Лічыцца, што самым эфектыўным вырашэннем гэтай праблемы з'яўляецца ўстаноўка на дачах камер відэаназірання, якія могуць як адпудзіць зламыснікаў, так і зафіксаваць іх супрацьпраўную дзейнасць. Гэта дапамагае павысіць раскрывальнасць крадзяжоў на лецішчах.
На думку работнікаў Дэпартаменту аховы МУС, простым і самым эканомным спосабам абароны ад злодзеяў з'яўляецца стварэнне дружын сябраў садаводчых таварыстваў. Функцыянаванне такіх аб'яднанняў у цесным кантакце з міліцыяй дапаможа захаваць маёмасць, забяспечыць матэрыяльную бяспеку і спакой грамадзян.
Праваабаронца Павел Левінаў назваў неправамернай ініцыятыву Полацкага РАУС па ініцыялізацыі аховы дачных пасёлкаў.
«Хутчэй за ўсё заклік ахоўваць лецішчы грамадзянамі звязаны з тым, што эканамічны крызіс у краіне нарастае і з гэтай прычыны расце колькасць крадзяжоў маёмасці, у тым ліку з дач. Другая прычына ў тым, што міліцыя ўцягнутая ў палітычную барацьбу з іншадумцамі – грамадзянамі, якія не згодныя з вынікамі выбараў прэзідэнта. Міліцыі проста бракуе ўнутраных рэсурсаў, каб выконваць свае прамыя абавязкі – ахоўваць маёмасныя правы грамадзян. Адсюль – пошук вырашэння гэтай праблемы праз арганізацыю незаконных ахоўных грамадзянскіх фармаванняў, якія не маюць права займацца падобнай дзейнасцю. Гэта як у вядомай прымаўцы: «Выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў», – мяркуе праваабаронца.
Міхась Пісараў