«Незнаёмы чалавек раіў мне прыйсці на адрас вул. Савецкая, 18 у Віцебску. Я загугліў адрас, аказалася, што гэта абласны КДБ. Напружвае і тое, што чалавек ведае дэталі майго жыцця. Я ведаю, што, акрамя мяне, падобныя паведамленні прыходзілі і іншым удзельнікам чату Railwayz.info – гэта чат аматараў чыгуначнага транспарту, у якім людзі абмяркоўвалі чыгунку і падарожжы цягнікамі», – расказаў Кастусь Шыталь.
Паводле ягоных словаў, пасля актаў сабатажу на БЧ невядомыя пачалі пагражаць адміністратару чату (ён жыве ва Украіне), а некаторыя ўдзельнікі атрымалі дзіўныя паведамленні, аднаму нават спрабавалі ўзламаць Тэлеграм.
«У такой сітуацыі я не бачу ніякай магчымасці вяртання на радзіму», – кажа Шыталь.
Гісторыя чыгункі ёсць адным з кірункаў краязнаўчых зацікаўленняў Кастуся Шыталя: ён збірае гістарычныя звесткі пра чыгуначныя станцыі і цягнікі, якія хадзілі па тэрыторыі сучасных Пастаўшчыны, Глыбоччыны, Докшыччыны і найбліжэйшых рэгіёнаў. Краязнаўцу не чужая і найноўшая гісторыя Беларусі, таму ён неаднаразова ліставаўся з прадстаўніцтвамі беларускай чыгункі, каб палепшыць умовы карыстання чыгуначным транспартам для сваіх землякоў.
17 чэрвеня 2021 году ў Кастуся Шыталя правялі ператрус у межах крымінальнай справы паводле артыкулу 369 КК, па якой ён праходзіў у статусе сведкі. Справа была ініцыяваная на падставе паведамленняў у мясцовым чаце «Докшицы для жизни» – нібыта там былі размешчаныя абразлівыя выказванні на адрас супрацоўнікаў міліцыі. На думку следства, адміністратарам чату быў Кастусь Шыталь. Краязнаўца паспрабаваў зняпраўдзіць гэтае меркаванне, але міліцыянтаў ягоныя словы не пераканалі, і пасля ператрусу ў яго забралі ўсю наяўную аргтэхніку – тры ноўтбукі, два тэлефоны, флэшку і прынтар. Праз небяспеку несправядлівых абвінавачванняў краязнаўца быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Юліян Стамброўскі